З такім наша энергасістэма яшчэ не сутыкалася — Сівак пра наступствы ўрагану
Наступствы ўрагану
У выніку ўрагану, які прайшоўся ў выходныя па поўдні Беларусі, з ладу выйшлі практычна ўсе генеравальныя магутнасці і энергазабеспячальныя лініі Мазырскага вузла і прылеглых раёнаў. Пра гэта заявіў віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак.
Ураган разбурыў 54 высакавольтныя лініі. Драты былі абарваныя, апоры разбураныя. Мазырскі і суседнія раёны страцілі практычна ўсе лініі генерацыі і электразабяспечання. З такой сітуацыяй беларуская энергасістэма яшчэ не сутыкалася, адзначыў Сівак.
Да сённяшняй раніцы, паводле яго слоў, аднавілі больш за 50% высакавольтных ліній электраперадачы. Асноўныя спажыўцы ўжо пачалі засілкоўвацца, у тым ліку Мазырскі НПЗ. Астатніх падключаюць "кропкава". ТГ-канал Мазыра публікуе кадры з мясцовага будынка "Белтэлекам", дзе людзі стаяць у чарзе, каб зарадзіць мабільныя тэлефоны.
Тым часам "Флагшток" высветліў, чаму энергетыкі так доўга не могуць аднавіць энергазабяспечанне ў Мазырскім раёне. Рэгіён аказаўся абясточаны праз паваленую апору лініі электраперадачы 330 кілавольт. А падаць электрычнасць з іншай вобласці аказалася немагчымым праз вайну.
"Па-добраму, буйныя падстанцыі паміж сабой закальцаваныя, і Мазыр з Гомелем быў закальцаваны праз тэрыторыю Украіны. У пачатку вайны лінію Гомель — Чарнігаў украінцы адключылі. Таму закальцоўкі ў нашай вобласці фактычна няма", — расказаў спецыяліст.
У 2022 годзе энергетыкі спрабавалі зрабіць іншую закальцоўку, пачалі будаваць ЛЭП з Мазыра і Петрыкава — на Салігорск. Але гэтую лінію дагэтуль не ўвялі ў эксплуатацыю.
Водазабяспечанне ў Мазыры таксама яшчэ цалкам не аднавілі. Паводле старшыні Мазырскага райвыканкама Алены Паўлечка, "водазабяспечанне адноўленае да 5 паверха ў "высокай частцы горада". Цяпер улады працуюць над тым, каб вада з'явілася і ў "ніжняй частцы". Пакуль жа на вуліцах па-ранейшаму стаяць бочкі з вадой. Больш за тое, улады прынялі рашэнне павяличыць колькасць пунктаў — падвоз абяцаюць арганізаваць у мікрараёнах Зарэчны, Чыгуначны і яшчэ па некалькіх адрасах на вуліцы Пралетарскай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.