За 2014 год спажывецкія цэны ў Беларусі выраслі на 16,2%

Рост спажывецкіх коштаў ў 2014 годзе склаў 16,2%, у тым ліку ў снежні — 0,6%. Такую лічбу назваў начальнік галоўнага ўпраўлення статыстыкі коштаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Яркавец.

Паводле яго слоў, харчовыя тавары падаражэлі на 18,5%, нехарчовыя — на 8,1%, платныя паслугі — на 27,5%, перадае БелаПАН.

З харчовых тавараў у 2014 годзе ў Беларусі найбольш падаражэлі мяса і мясапрадукты, грэчка і гарэлка, перадае БЕЛТА. Так, мяса і мясапрадукты падаражэлі на 28,7%. Ялавічына і свініна (акрамя бескасцёвага мяса) выраслі ў цане на 33,9% і 59,7% адпаведна. Алкагольныя напоі сталі даражэйшымі на 23,2% (на столькі ж падаражэў і цукар), у тым ліку гарэлка — на 26,2%.

Крупы ў цэлым падаражэлі на 20,9%. Больш за ўсё вырасла ў кошце грэчка — 31,8%.

Кошты на рыбу і рыбапрадукты выраслі на 16,1%, макаронныя і кандытарскія вырабы — на 13,8% і 13,4% адпаведна. Яйкі падаражэлі на 10,3%, малако і малочныя прадукты — на 9,9%.

Нагадаем, што першапачатковы прагноз інфляцыі на мінулы год складаў 11%, потым Нацбанк павысіў яго да 17,3%. У 2015 годзе інфляцыя прагназуецца на ўзроўні 12%.

Фота — kushaem-vkusno.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі