За 4 гады Беларусь можа страціць ад падатковага манеўру ў Расіі $11 млрд
За бліжэйшыя чатыры гады Беларусь можа страціць ад расійскага падатковага манеўру ў нафтавай галіне да 11 мільярдаў долараў. Такую лічбу назвала прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант у інтэрв'ю тэлеканалу "Беларусь 1".
Фармаванне коштаў на нафту Эйсмант назвала крайне складаным пытаннем, якое патрабуе вырашэння. "Пытанне, якое цяпер вельмі ўскладнілася для Беларусі, Кыргызстана, Арменіі — краін, якія нафту не здабываюць. Расія праводзіць падатковы манеўр. У нас ужо падлічана, што толькі за тры апошнія гады Беларусь недаатрымала 3 мільярды 600 мільёнаў долараў", — патлумачыла прэс-сакратарка Лукашэнкі.
Пры найгоршым развіцці падзеяў, дадала яна, наша дзяржава недаатрымае ў наступныя чатыры гады амаль 11 мільярдаў долараў. "Для нас гэта, як вы разумееце, непрымальна", — падкрэсліла Эйсмант.