За "палітыку" асудзілі мінчанку, якая займалася альтэрнатыўнай медыцынай

Карына Маліноўская / са старонкі Вконтакте
Паводле трох палітычных артыкулах асудзілі 32-гадовую Карыну Маліноўскую. Суд над мінчанкай скончыўся 24 лютага, але інфармацыя пра яе стала вядомая толькі цяпер, піша "Наша Ніва".
Маліноўская вучылася завочна ў жаночым інстытуце "Энвіла", а пасля яго ліквідацыі ў 2012 годзе — на гуманітарна-эканамічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Дзяўчына працавала цырульніцай, цікавілася псіхалогіяй, мела бізнэс па продажы святлодыёднага асвятлення.
Некалькі гадоў таму Маліноўская захапілася альтэрнатыўнай медыцынай і стала прапагандаваць лекаванне натуральнымі сродкамі. На яе старонках у сацсетках былі рэкамендацыі розных БАДаў і аповеды, што лепш есці, а што — не. Магчыма, яна зарабляла, прадаючы БАДы.
Затрымалі яе ў сакавіку 2024 года. Суд над дзяўчынай пачаўся ўвосень 2024-га. Яе вінавацілі паводле трох артыкулаў — распальванне варожасці (ч. 1 арт. 130 КК), удзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК) і заклікі да санкцый (ч. 3 арт. 361 КК). Маліноўскай магло пагражаць да 12 гадоў калоніі. Дома яе чакаюць двое непаўналетніх дзяцей.
Хутчэй за ўсё, падставай для абвінавачання сталі каментары ў тэлеграме. Як піша НН, у Маліноўскай быў стары акаўнт, зарэгістраваны на яе ўласны нумар, з яе асабістым фота. Яна магла пакідаць каментары з першапачаткова неабароненага акаўнту. Яны застаюцца ў базах ГУБАЗіК назаўжды, нават калі іх выдаліць, і "жорстка" прывязваюцца да нумара тэлефона і асобы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.