За што МЗС Беларусі высылае эстонскіх дыпламатаў
Сустрэча ў кулуарах Генасамблеі ААН / МЗС Эстоніі
Стала вядома, за што МЗС Беларусі высылае эстонскіх дыпламатаў. Як даведалася Еўрарадыё, прычына — у сустрэчы, якую Эстонія і Офіс Ціханоўскай арганізавалі ў кулуарах Генасамблеі ААН.
Сустрэча прайшла 19 верасня. Кіраўнік МЗС Эстоніі Урмас Рэйнсалу, кажучы там пра лукашэнкаўскія ўлады, не дужа падбіраў словы:
"За апошнія два гады злачынная дзейнасць беларускага рэжыму супраць уласнага народу стала міжнароднай пагрозай. Беларускія ўлады таксама замяшаныя ў жорсткай вайне Расіі супраць Украіны. Таму санкцыі мусяць стаць больш жорсткімі, міжнародная ізаляцыя рэжыму павінна працягвацца, а юрыдычная адказнасць павінна быць забяспечаная. У рэжыму Лукашэнкі не мусіць з'явіцца пачуцця беспакаранасці".
"Як народы Беларусі і Украіны не стаміліся змагацца за сваю свабоду, так і міжнародная супольнасць не павінна стамляцца. Цяпер як ніколі важна працаваць разам для падтрымання сусветнага парадку, заснаванага на важных для нас правілах і каштоўнасцях", — дадаў Рэйнсалу.
У адказ, як паведамляла Еўрарадыё, МЗС Беларусі запатрабаваў скараціць штат амбасады Эстоніі да... двух чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.