Заўтра ў Польшчы адбудуцца датэрміновыя парламенцкія выбары

У Польшчы завяршаецца падрыхтоўка да датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у нядзелю 21 кастрычніка. У краіне абвешчаная "перадвыбарная цішыня", забароненая любая агітацыя. За парушэнне выбарчага заканадаўства пагражае штраф да мільёна злотых (каля 380 тысяч долараў). Выбарчае права маюць больш за 30 мільёнаў 300 тысяч чалавек. Тры ўчасткі для галасавання адкрыюцца заўтра і ў Беларусі для палякаў, якія жывуць у нашай краіне.

Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар польскай амбасады ў Мінску Моніка Садкоўская.

“З 6.00 да 20.00 будуць працаваць тры ўчасткі: у Генеральным консульстве Польшчы ў Брэсце, у Генконсульстве ў Гродне і адзін участак у Мінску, які забяспечыць адразу чатыры вобласці (Мінскую, Гомельскую, Віцебскую і Магілёўскую)”.

Усяго за межамі Польшчы, будуць адкрытыя 205 участкаў. У адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам выбары ў Сойм і Сенат праводзяцца адначасова. Палякам неабходна абраць 460 дэпутатаў і 100 сенатараў.

Паводле звестак шматлікіх сацыялагічных даследаванняў, на парламенцкія крэслы могуць разлічваць чатыры партыі: апазіцыйная ліберальная "Грамадзянская платформа" (лідэр Дональд Туск, кіруючая кансерватыўная партыя "Права і справядлівасць" (лідэр Яраслаў Качынскі, левы блок "Левыя і дэмакраты" (лідэр Аляксандр Кваснеўскі) і найстарэйшая ў краіне Польская сялянская партыя (лідэр Вальдэмар Паўляк).

Усе астатнія партыі наўрад ці змогуць пераадолець пяціадсоткавы бар'ер. Афіцыйныя вынікі выбараў будуць абвешчаныя 23 кастрычніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі