Зелянкоўская пасля разводу з Міхалком працуе ў краме адзення ў Варшаве

Святлана Зелянкоўская / FACEHUB
Святлана Зелянкоўская / FACEHUB

Актрыса Святлана Зелянкоўская развялася з рок-музыкам Сяргеем Міхалком, і цяпер яны нават жывуць у розных краінах. Пра гэта яна распавяла ў інтэрв'ю budzma.me.

"Шмат дзяўчынак, сустракаючы плахішоў, хочуць перарабіць іх у добрых хлопцаў. Канечне, гэта задума адчайная і ні да чаго не вядзе. Але па жыцці мне хацелася, каб штосьці змянілася. Хаця я таксама тусовачны чалавек, і мне ўсё гэта вельмі падабалася — гастролі, вандроўкі. Вакол мяне заўсёды адбываліся ўсялякія страсці, і да сустрэчы з Сяргеем я, скажам так, не жыла правільным жыццём", — дзеліцца ўспамінамі актрыса.

У Зелянкоўскай з Міхалком — трое агульных дзяцей. Пасля разводу сям'я падзялілася — у Варшаве з маці жыве толькі дачка ад першага шлюбу: "Са мной — дачка, а тры сыны — з бацькам у Эстоніі. Я езджу да іх".

Святлана цяпер працуе ў краме адзення, "бо трэба выжываць".

Пры гэтым яна вярнулася на вялікую тэатральную сцэну і згуляла ў спектаклі вольных купалаўцаў "Рамантыка". "Спадзяюся, мяне запросяць, калі штосьці яшчэ будзе адбывацца. Мне было вельмі прыемна супрацоўнічаць з маімі калегамі. Гэта ўсё тая ж моцная трупа", — кажа Зелянкоўская.

На яе думку, артысты маглі б адкрыць Купалаўскі тэатр у эміграцыі, і польскім уладам варта падтрымаць такую ідэю.

Сама Зелянкоўская марыць стварыць тэатральную школу для дарослых. "На раскрыццё свайго творчага патэнцыялу, на разняволенне, як адчуваць сябе больш упэўнена, па-творчаму падыходзіць да сваёй справы. Гэта тое, што дапамагае, напэўна, кожнаму чалавеку ў любой прафесіі, якая б яна ні была", — тлумачыць акторка.

Потым гэтая школа магла б перарасці ў тэатр, для якога Зелянкоўская прыдумала ўжо і назву, скарыстаўшы сваё прозвішча — "Зялёнае святло".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі