Знос будынкаў у гістарычным цэнтры Брэста: удакладненні да артыкула
Пасля публікацыі тэкста "Далоў утульныя двары? У Брэсце хочуць знесці гістарычны квартал", прысвечанага планам па ўзвядзенні жылых дамоў і крамаў у гістарычнай частцы Брэста, з Еўрарадыё звязаўся прадстаўнік забудоўшчыка. Ён зрабіў некалькі важных заўваг па сітуацыі, таму мы лічым неабходным удакладніць першапачатковую інфармацыю.
1. Абвестка з сайта Брэсцкага гарвыканкама, якая стала асновай для нашага тэкста, тычыцца выключна грамадскага абмеркавання Справаздачы аб уздзеянні на навакольнае асяроддзе. То бок, цяпер гаворка ідзе толькі пра "грамадзянскую экалагічную экспертызу" — абмеркаванне СУНА, а не ўсяго праекта цалкам. Яго абмеркаванне адбывалася раней і ўжо скончанае.
У той жа час, пасылка на СУНА, якую прапаноўваецца абмяркоўваць, на сайце гарвыканкама адсутнічае. Нам паабяцалі, што гэта будзе выпраўлена, і дакумент усё ж будзе апублікаваны. Пакуль жа гэта выглядае так — адкрываць няма чаго:
2. Ацэнкі, якія мы даем у тэксте: "утульныя двары", "прывабныя будынкі" — выказаныя мясцовымі жыхарамі, хаця мы і не цытуем нікога канкрэтнага. Разам з гэтымі ацэнкамі, безумоўна, могуць існаваць іншыя: некаму могуць не падабацца графіці на службовых пабудовах у дварах квартала, некаму — самі пабудовы, а нехта можа ўхваляць узвядзенне новых дамоў і крамаў.
3. Не ўсе дамы з фота, якія мы апублікавалі, будуць знесеныя. У прыватнасці, захаваецца двухпавярховы дом з чырвонай цэглы, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пад знос ідзе толькі аднапавярховы будынак на першым плане, які такога статусу не мае.
Таксама гісторыка-культурная каштоўнасць — дом жоўтага колеру з балконамі і муралам-кветкай на фасадзе. Нас заверылі, што пра яго знос гаворкі не ідзе.
Прыносім прабачэнні ўсім, каго недакладнасці з нашай папярэдняй публікацыі прымусілі хвалявацца і выклікалі пытанні, якіх не мусіла ўзнікнуць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.