Ад маладога міністра — да амбасадара ў Расіі: хто такі Дзмітрый Крутой
Дзмітрый Крутой / БЕЛТА
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой афіцыйна прызначаны амбасадарам у Расіі. Фактычна гэта "ключавы амбасадар", бо працаваць будзе ў асноўным партнёру сучаснай Беларусі. Расказваем цікавыя факты пра чыноўніка, які стаў дыпламатам.
Сын чыноўніка
Бацька Дзмітрыя Крутога — Мікалай Крутой — працаваў у лясной галіне і кіраваў канцэрнам "Беллеспаперапрам" з 1999 да 2003 года.
Сам Дзмітрый Крутой пайшоў па слядах бацькі і ў 2004 пачаў працаваць у Мінлясгасе, дзе адказваў за эканоміку і інвестыцыі. Праз нейкі час перайшоў у Мінэканомікі. Пры гэтым яго бацька выпаў з "абоймы" і гучных пасад пасля "Беллеспаперапрама" не меў.
Самы малады міністр эканомікі
Міністрам эканомікі Дзмітрый Крутой стаў ва ўрадзе Сяргея Румаса ў 2018-м. Тады чыноўніку было ўсяго 37 гадоў — для Беларусі, дзе "за стырном" звычайна знаходзяцца людзі старэйшага пакалення, гэта быў рэкорд.
Самога Крутога, як і Румаса і віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага, многія лічылі "сістэмным лібералам".
Па пасадзе кіраўніка Мінэка Крутой цесна працаваў з на той момант кіраўніком Мінфіна Максімам Ермаловічам, які цяпер зойме яго месца ў Адміністрацыі Лукашэнкі. Пазней Крутога падвысілі да віцэ-прэм'ера.
Адказваў за інтэграцыю з Расіяй
У 2019-м Крутой узначаліў рабочую групу па "паглыбленні інтэграцыі" з Расіяй. Гэта быў з нейкага боку нечаканы выбар, бо да гэтага Крутой турбаваўся моцнай залежнасцю Беларусі ад расійскага рубля.
На пасадзе кіраўніка рабочай групы Крутой дамогся выніку — падпісання 28 "інтэграцыйных картаў". Пры гэтым яшчэ тры карты, якія прадугледжвалі стварэнне наднацыянальных органаў, узгодненыя не былі.
Павінен быў "таптацца ў кароўніках"
Прызначаючы летам 2020-га Крутога намесніка кіраўніка Адміністрацыі, Лукашэнка заявіў, што хоча, каб з таго атрымаўся "добры кіраўнік".
"Хай ён паглядзіць працу ў АП, ведаў у яго дастаткова, ён яшчэ малады. Потым патопчацца, я гэта арганізую яму, і ў кароўніках, і на прадпрыемствах. Паглядзіць на працу ўрада збоку", — казаў Лукашэнка.
У АП Крутой працаваў у звязцы з Валерыем Бельскім, які, у адрозненне ад маладога чыноўніка, быў больш "дзяржаўнікам" і выступаў супраць рынкавых рэформаў.
"Другі ўрад"
1 жніўня, прызначаючы Крутога амбасадарам у Расіі, Лукашэнка назваў дыпмісію "другім урадам Беларусі". Паводле яго слоў, галоўным кірункам у новага прызначэнца будзе эканоміка.
Традыцыйна ў амбасаду Расіі прызначаюць "цяжкавагавікоў". Да Крутога амбасадарам быў Уладзімір Сямашка, адзін з доўгажыхароў беларускай сістэмы ўлады.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.