Экс-пасол Беларусі ў Брытаніі — цяпер намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі

Максім Ермаловіч​
Максім Ермаловіч​

Максім Ермаловіч, які быў вымушаны вярнуцца з Лондана, прызначаны намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. На мінулым тыдні стала вядома, што МЗС панізіў статус адносін з Вялікабрытаніяй, і замест пасла ў дыппрадстаўніцтве ў Лондане будзе працаваць часовы павераны. Ермаловіч быў беларускім паслом у Брытаніі.

"Дасведчаны, пісьменны, сучасны чалавек. І ён панюхаў, што такое Захад. Я гэта добра ведаю (можа быць, і ён таго не ведае, што я ведаю), але чалавек нармальны, прафесійны, прабеларускі. Перакананы і разумее, што трэба рабіць у Беларусі", — ахарактарызаваў Аляксандр Лукашэнка Ермаловіча. Яго словы прыводзіць БЕЛТА. 

Паводле словаў Лукашэнкі, брытанская палітыка Беларусі не патрэбная, "а вось эканоміка, фінансавая сфера — гэта вельмі важна".

Ермаловіч зойме месца Дзмітрыя Крутога, якога Лукашэнка сёння прызначыў паслом у Расію. Акрамя таго, ён прызначыў сёння Уладзіміра Баравікова надзвычайным і паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у каралеўстве Тайланд па сумяшчальніцтве.

Таксама Лукашэнка вызначыўся з кандыдатурай новага міністра лясной гаспадаркі. Ім стаў Аляксандр Кулік. Ранейшага міністра — Віталя Дрожжу — Лукашэнка звольніў у траўні "ў сувязі з учыненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе".

Акрамя таго, Лукашэнка ўзгадніў сёння прызначэнні Юрыя Раманоўскага рэктарам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і Аляксандра Дараховіча — першым намеснікам міністра спорту і турызму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі