Афіцэр, які "зліў" інфармацыю экс-сілавікам: калі памёр Бандарэнка, не мог спаць
Падпалкоўнік міліцыі Станіслаў Лупаносаў, які паведамляў экс-сілавікам інфармацыю з ГУБАЗіКа, даў сваё першае інтэрв'ю "Нашай Ніве".
Пра дзейнасць Лупаносава распавялі яго былыя калегі ў фільме, якія выйшаў на тэлеканале "Беларусь 1" 24 сакавіка. Па іх словах, падпалкоўнік некалькі месяцаў "зліваў" інфармацыю, а потым з'ехаў ва Украіну.
Па словах Лупаносава, ён працаваў спярша ў крыінальным вышуку, потым — ва ўпраўленні "К" ГУУС Мінгарвыканкама, а ў ліпені 2020-га перайшоў у ГУБАЗіК ва ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй у медыцыне.
9 жніўня, як кажа падпалкоўнік, ён стаяў з двума джыпамі ССА на выездзе з Мінска па Брэсцкай трасе. Там яны выбарачна спынялі машыны, шукалі зброю, нейкую жалезную арматуру, што можа быць выкарыстана супраць міліцыі. "Стаялі недзе да 23-й, потым паехалі на базу ГУБАЗіКа. У непасрэднай блізкасці ўсё гэта адбывалася, нехта працаваў на вуліцы, я з часткай работнікаў быў унутры, гадзіны ў 3 ночы нас адпусцілі, а 9-й раніцы сабралі зноў, і мы 10-га сядзелі там", — згадвае экс-міліцыянт.
Пра падзеі паслявыбарнай ночы ён даведаўся прыкладна апоўдні 10 жніўня, калі паставіў на тэлефон праграму Псіфон. "І ўразіўся масштабамі зладзействаў, учыненых маімі былымі калегамі і масштабамі пратэстаў. Тое, што супраць бяззбройных людзей будуць ужываць гранаты, агнястрэльную зброю, іншыя спецсродкі, я не мог сабе ўявіць", — прызнаецца Лупаносаў.
Апошняй кропляй, па яго словах стала, забойства Рамана Бандарэнкі.
"Мне стала ясна, што вось яна — рэальная колькасць людзей, гатовых забіваць за Лукашэнку проста ў дварах: дзесяць чалавек з бліжэйшага кола, якія страцяць усё ў выпадку змены ўлады. Калі Бандарэнка памёр, я спаць не мог, што я яшчэ мог адчуваць? Гэта ілюстрацыя права ў краіне. Табе, няважна хто ты, можа праламіць галаву няважна хто, галоўнае, што нехта лаяльны, і яму за гэта ні-чо-га не будзе", — абураецца падпалкоўнік.
Лупаносаў прызнаецца, што ўдзельнічаў у ідэнтыфікацыі мітынгоўцаў, якіх потым прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці.
Таксама ён працаваў над справаў Сяргея Ціханоўскага і яго праекта "Краіна для жыцця". Па яго словах, кіраўніцтва ГУБАЗіКа проста прыдумвае схему сувязяў у гэтай справе: "Таксама я маляваў тую "схему" афіляванасці апазіцыянераў, маляваў са словаў Бедункевіча і яго наменіка Алёксы. Яны казалі, што давай стрэлачку сюды, давай туды. Для чаго гэта рабілася зразумець цяжка, гэтых схем быў мільён. І яны далёкія ад праўдападобнасці".
Лупаносаў расказаў, што адно з упраўленняў ГУБАЗіКа сочыць за топ-чыноўнікамі. Але нават ведаючы пра карупцыю, не можа арыштаваць такіх асобаў без дазволу Лукашэнкі. "Пакуль не будзем называць прозвішчы, але ў аднаго былога міністра люстра дома — 60 тысяч долараў. Адкуль? А "падарылі". Яго не пасадзіш і пытанняў не задасі, хоць ён за мільярд люстру павевіць, бо сістэма пабудаваная так: калі чалавек у кадравым рэзерве Лукашэнкі, то без яго згоды нічога адбыцца не можа", — кажа ён.
Наконт "зліваў" размоваў Лупаносаў заявіў, што скандальную прамову Мікалая Карпянкова пра "лагеры для востракапытных" запісвалі як мінімум чатыры чалавекі. Ён не прызнаўся, хто зліў размовы, на якіх падазраюць галасы прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і кіраўніка Федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава. "Магу толькі сказаць, што ёсць супрацоўнікі КДБ, затрыманыя за перадачу інфармацыі тэлеграм-каналам", — дадаў ён.
Вялікае інтэрв'ю са Станіславам Лупаносавым можна прачытаць тут.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.