Алесь Міхалевіч: Першыя дэмакратычныя выбары могуць адбыцца ў любы момант
Палітуцякач перакананы, што цяперашнія ўлады не зацікаўленыя ў з'яўленні ў парламенце нават падкантрольнай апазіцыі.
Алесь Міхалевіч, беларускі палітык і нядаўні палітвязень, які здолеў уцекчы ў Чэхію, 110927 Michalewich s.mp3
Алесь Міхалевіч: Лукашэнка не будзе рабіць таго, каб хтосьці з апазіцыі прайшоў у парламент, бо ў беларускіх умовах уваходжанне ў парламент само па сабе дае вельмі вялікі статус, вялікія магчымасці для працы з насельніцтвам. Таму асноўная ідэя майго артыкула, што ўлада на ўсялякі выпадак перастрахуецца і нікога не пусціць.
Еўрарадыё: А калі ўсё ж будзе ціск з боку ЕС, каб выбары былі вольныя?
Алесь Міхалевіч: Зразумела, тое, што ЕС пажадае ўбачыць апазіцыю ў парламенце, гэта натуральна, але, ці пойдзе ўлада на тое, каб гэтую апазіцыю прапусціць — гэта іншая сітуацыя. Я перакананы, што ўлады могуць ісці на розныя ўчынкі, напрыклад, на вызваленне палітвязняў, але праходжанне ў парламент апазіцыі непасрэдна шкодзіць сістэме, непасрэдна пагражае хуткімі зменамі, таму ўлада на гэта не пойдзе.
Еўрарадыё: А чаму вы лічыце, што ўлады баяцца нават падкантрольнай апазіцыі ў парламенце?
Алесь Міхалевіч: З аднаго боку, пагрозы нібыта і не павінна быць, але любы чалавек ў нейкі момант, нават калі ён з’яўляецца агентам беларускіх спецслужбаў, можа адмовіцца ад супрацоўніцтва, разарваць гэтае пагадненне. І зрабіўшы нейкі сур’ёзны ўчынак, які выкліча грамадскую павагу, ён можа не проста застацца на плыву як апазіцыйны палітык, а ён можа вырасці ў сур’ёзнага апазіцыйнага лідара. Якраз таму нікога прапускаць у парламент не будуць.
Еўрарадыё: Дык вы лічыце, што апазіцыі не варта браць удзел у будучых парламенцкіх выбарах?
Алесь Міхалевіч: Я думаю, што пакуль вельмі мала вядома адносна гэтых парламенцкіх выбараў. Калі нічога не зменіцца і калі ўмовы будуць тыя самыя, што і цяпер, то я не бачу сэнсу ўдзелу ў гэтых парламенцкіх выбарах. Але, з іншага боку, як любая палітычная структура, мы павінны быць гатовыя, бо першыя дэмакратычныя выбары могуць адбыцца ў любы момант.