Аляксандр Фядута: Улада абірае найгоршы сцэнарый, бо сама баіцца
Да разгону 25 сакавіка ўлады рыхтаваліся гэтак жа, як і ў 2010-м годзе, перакананы Аляксандр Фядута. Палітолаг, з якім мы пагутарылі яшчэ да брутальных разгонаў мірнай акцыі, спадзяваўся, што асаблівага "хапуна" не будзе:
"Ёсць пэўны страх улады перад тым, што можа адбыцца, яна сама баіцца. Спадзяюся, што Лукашэнка добра разумее, чым гэта можа скончыцца для яго ўлады, калі нехта збіты дубінкамі памрэ ў пастарунку. Думаю, што ўсё будзе добра. Сёння снег, свята, прыгожыя жанчыны. Калі адбудзецца разгон ― гэта будзе самае вялікае глупства, пра што сказала наша нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Яна разумная жанчына. Мы бачым, што ўлада абірае найгоршы сцэнарый. Я спадзяюся, што Лукашэнка памятае пра што ідзе гаворка".
25 сакавіка днём сілавікі пачалі масава затрымліваць усіх, хто набліжаўся да Акадэміі навук. Менавіта адтуль а 14.00 дэманстранты мусілі рушыць уздоўж праспекта Незалежнасці.