Анісім пра здарэнне ў Стоўбцах: Мы часта не ведаем, чым жывуць нашы дзеці
Дэпутатка Алена Анісім выказалася наконт учорашняга здарэння ў Стоўбцах. Яна нарадзілася ў Стаўбцоўскім раёне. Гэта яе родная акруга, ад якой яна абіралася ў Палату прадстаўнікоў. Алена Анісім лічыць, што мы часта не ведаем, як жывуць нашы дзеці. Такія інцыдэнты, як забойства ў стаўбцоўскай школе, здараюцца з-за таго, што дзеці не спраўляюцца з цяжкасцямі жыцця самастойна, сказала дэпутатка Еўрарадыё:
"Дзеці жывуць пад уплывам цывілізацыйных працэсаў: рабатызацыі і інфарматызацыі. Не ўсе, але некаторыя дакладна не спраўляюцца з гэтым валам інфармацыі. Магчыма, гэта ўплыў тэлеканалаў і інтэрнэт-прасторы. Мы гэтага не бачым і не рэагуем на тыя праявы, якія патрабавалі рэакцыі. Ёсць тэлефоны даверу, але не ўсе дзеці карыстаюцца гэтай магчымасцю, калі ў іх ёсць нейкія крыўды, калі ў іх ёсць нейкія падставы заглыбіцца ў сябе. Дзеці не спраўляюцца з цяжкасцямі жыцця самастойна. Іх не навучылі гэтаму, ім не дапамаглі своечасова".
Анісім лічыць, што, калі такія інцыдэнты адбываюцца, то мы нешта прапускаем у сістэме адукацыі:
"Я асабіста не ведала ні гэтую настаўніцу, ні самога хлопца. Проста падаецца, што мы нешта прапускаем у нашай сістэме адукацыі, з нашымі дзецьмі ў сем'ях. Калі нават здаецца, што знешне ўсё добра, здараюцца такія праявы, на наш погляд, незразумелай агрэсіі з боку дзяцей. Таму нам вельмі трэба падумаць пра тое, што сёння не так. Магчыма, тая колькасць фармальных, хаця, можа быць, і важных мерапрыемстваў, не дае таго выхаваўчага эфекту, на які мы разлічваем".
Раніцай 11 лютага ў стаўбцоўскай сярэдняй школе №2 16-гадовы вучань напаў з нажом на настаўніцу і трох школьнікаў. Жанчына і адзінаццацікласнік загінулі, двое аднакласнікаў нападніка цяпер у бальніцы ў цяжкім стане, іх аператыўна прааперавалі. Хлопец паспрабаваў збегчы, аднак неўзабаве быў затрыманы.