Суд па двайным забойстве ў Стоўбцах пачнецца 19 жніўня
19 жніўня ў Мінскім абласным судзе пачнецца судовы працэс па нападзе ў школе ў Стоўбцах. Пра гэта ў сацсетках напісала прэс-сакратар Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.
Пасяджэнні будуць закрытымі, бо абвінавачаны ў злачынстве падлетак на момант нападу быў непаўналетнім.
"Паколькі ў перыяд часу, які адносіцца да інкрымінаваных дзеянняў, абвінавачаны М. не дасягнуў шаснаццацігадовага ўзросту, а ў матэрыялах справы змяшчаюцца звесткі пра стан яго здароўя, якія складаюць у адпаведнасці са ст.46 Закона "Аб ахове здароўя" медыцынскую таямніцу, гэтая крымінальная справа падлягае разгляду ў закрытым судовым пасяджэнні", — патлумачыла Ляскова.
11 лютага дзесяцікласнік стаўбцоўскай СШ №2 прыйшоў у школу з нажом і напаў на настуўніцу гісторыі Марыну Пархімовіч і трох школьнікаў. Загінулі настаўніца адзінаццацікласнік Аляксандр Раманаў. Яшчэ два школьнікі трапілі ў рэанімацыю. Самога нападніка затрымалі праз дзве гадзіны ў пад'ездзе аднаго з дамоў.