Арганізатары "Міс Мінск" ведалі, што бяруць на конкурс танцорак go-go
Нават на кастынгу дзяўчаты танчылі эратычныя танцы, а журы прасіла паказаць усё, на што яны здольныя (відэа).
Скандал вакол конкурсу "Міс Мінск" набірае абароты. Спачатку ўсплылі нясціплыя здымкі пераможцы Яны Канцавенка ў Instagram. Пасля з'явілася вельмі шчырая фотасесія з рознымі мужчынамі ў начным клубе Мінска. На адным са здымкаў мужчына частуецца вяршкамі з грудзей дзяўчыны. Адразу ж прагучалі прапановы адабраць карону.
Вядучая конкурсу Ганна Бонд лічыць, што пераглядаць вынікі "Міс Мінск 2013" не трэба, а вось пераглядзець правілы можна. Яна, дарэчы, даслала дзяўчыне смс у падтрымку.
"Так, гэта праўда, — кажа ў размове з Еўрарадыё Ганна Бонд. — Таму што я лічу, што калі чалавеку цяжка ў нейкіх сітуацыях, пэўных момантах жыцця, то яго трэба падтрымліваць. А калі ў нас грамадства спусціла ўсіх сабак... Я не ведаю, хто не памыляецца ў жыцці. Магчыма, яна пераасэнсуе свае ўчынкі і будзе сябе паводзіць абсалютна па-іншаму".
Арганізатары падобных конкурсаў у іншых краінах цікавяцца прыватным жыццём канкурсантак, рознымі падпрацоўкамі ў начных клубах ды эратычнымі фотасесіямі. А дзяўчыны падпісваюць дакумент, што ніколі не ўдзельнічалі ні ў чым падобным.
Эратычныя фота пераможцы конкурсу аказаліся толькі пачаткам скандалу. Пасля прапановаў адабраць карону выявілася, што другая віцэ-міс Мінска Наталля Башура працуе ў клубе go-go-танцоркай і выступае ў вобразе ружовага зайчыка.
"Міс Дружба" — Кацярына Войтус — зарабляе на жыццё стрыптызам і мае асабістую старонку на адмысловым сайце.
Высветлілася, што go-go-танцорка была далёка не адна. Некаторыя дзяўчаты нават танчылі стрыптыз на кастынгу.
"Вы паводле прафесіі займаліся народнымі танцамі, а цяпер танчыце go-go. А давайце хоць раз за дзень паглядзім народныя танцы", — кажа журы дзяўчыне. Праўда, потым яе разам з сяброўкай просяць паказаць шпагат і ўсё, на што яны здольныя.
Пазней стала вядома, што дзве ўдзельніцы конкурсу ўваходзяць у скандальны эратычны гурт E.B.A.S.H — Вольга Кісялёва і Анжаліка Ціхановіч. Але гурт E.B.A.S.H паспяшаўся патлумачыць, што іх дзяўчаты не прайшлі ў фінал, бо маюць вышэйшую адукацыю.
На фоне ўсяго гэтага “Міс Мінска” выглядае даволі сціплай.
Грамадскі савет па маральнасці вырашыў разглядаць і сам конкурс, і заняцца начнымі клубамі, дзе адбываюцца падобныя фотасесіі. Старшыня Савета Мікалай Чаргінец самі фотаздымкі, якія выклікалі скандал, не бачыў.
"Столькі шуму нарабілі, таму нельга праходзіць міма. Трэба даць ацэнку. Я лічу, што конкурс мусіць быць шчырым. Падбор павінен быць не паводле прынцыпу: гэта мая знаёмая ці мне выгадна потым яе выкарыстаць у фінансавым плане — а з пункту гледжання інтэлекту, прыгажосці, этыкі, успрымання чалавека. А не проста так абіраць, ледзь не ў бардэлях. Трэба сур'ёзней ставіцца да адбору. Але ажыятаж падымаць не варта, проста даць ацэнку арганізатарам".
Самі арганізатары конкурсу адмоўчваюцца. "Міс Мінск" таксама інтэрв'ю не дае. Праўда, на старонцы, як як мяркуецца надежыць Яне было напісана: "Як жа я люблю, калі пры мяне гавораць гадасці, пляткараць, прыпісваюць усё самае жахлівае — гэта і ёсць момант асалоды".
Таксама ад імя "Міс Мінск" нехта адказвае на некаторыя пытанні карыстальнікаў сэрвісу ask.fm.
Ці пераглядаліся вынікі конкурсу "Міс Мінска", дагэтуль не вядома. Тэлеканал СТВ нічога не каментуе, гарвыканкам таксама. Магчыма, вядуцца перамовы з віцэ-міс. Бо менавіта ім будуць перадаваць карону, калі прымуць такое рашэнне.
Першай “Віцэ-міс" Кацярыне Скалабан карону не прапаноўвалі. Пра перагляд вынікаў конкурсу яна нічога не ведае.
"Я нічога не ведаю, таму нічога не магу сказаць. Нядаўна размаўлялі, але наконт таго, што было і што вырашылі, пакуль нічога не вядома".
"Міс Мінск Купалінка" Паліна Батракова распавядае Еўрарадыё, што арганізатары з ёй не звязваліся:
"Мы нават не ведалі, што трансляцыі не будзе, так яе чакалі ўсе. Але ніхто нічога не ведае".
Нагадаем, тэлеканал СТВ так і не паказаў у эфіры конкурс "Міс Мінска 2013".
А калі б карону "Міс Мінска" прапанавалі, то не адмовілася б, кажа Паліна Батракова. Але да самога скандалу ставіцца негатыўна.
"Натуральна, я б пагадзілася. Рашэнне ж, вядома, не за намі, а за членамі журы. Яны разам з арганізатарамі будуць прымаць, гэта ж не такое простае рашэнне. Але калі б мне прапанавалі, я б не адмовілася. Няправільна, што разгарэўся гэты скандал. І лічу, што не трэба пазбаўляць кароны Яну".
У аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Мінскага гарвыканкама не адказваюць на пытанне Еўрарадыё, ці пераглядаліся вынікі конкурсу "Міс Мінска 2013":
"Я што, сябра журы? Тэлефануйце ў іншую арганізацыю. Гэтыя пытанні не знаходзяцца ў рамках маё кампетэнцыі".
Хто адказвае ў гарвыканкаме за конкурс, там не ведаюць.
Прэс-сакратар тэлеканала СТВ на пытанне, хто цяпер "Міс Мінска" адказвае, што нічога каментаваць не будзе.
Арганізатары ведалі, чым займаюцца канкурсанткі але ім дазволілі ўдзельнічаць у конкурсе, нягледзчы на тое, што гэта забаронена ўмовамі!
Еўрарадыё адшукала дамову, якую падпісвалі канкурсанткі і якую нават ім не давалі на рукі.
На гэтым тыдні стала вядома, што адна з удзельніц была замужам і ў яе нават ёсць дзіця. А гэта строга забараняецца ўмовамі конкурсу. Дамова з канкурсанткамі налічвае 5 старонак. Але на рукі яе дзяўчатам не давалі. У самой дамове забаронена яе разгалошваць. Таму і ўмовы конкурсу трымаліся ў таямніцы.
Адна з фіналістак Міс Мінск перадала Еўрарадыё фота дамовы, якую падпісвалі канкурсанткі. Аказалася, напрыклад, што згодна з умовамі, дзяўчаты не могуць здымацца аголенымі, удзельнічаць у эратычных шоў ды іншых сумнеўных шоў на працягу года пасля конкурсу.
“8.2 Канкурсантка пацвярджае, што ніколі не мела дачынення да тэле-відэа-фотаздымак эратычнага, парнаграфічнага характару і любога рэпрадукавання падобнага характару. Канкурсантка абавязваецца не здымацца аголенай, не ўдзельнічаць у стварэнні прадукцыі эратычнага і парнаграфічнага характару, не ўдзельнічаць у сумнеўных шоў на працягу 1 (аднаго) года пасля Конкурсу”.
Міс Дружба Кацярына Войтус працуе стрыптызёркай, танчыць па замове і ў мінскіх клубах. Праўда, цяпер яе анкета з сайта striptiz.by знікла.
“Даруйце, але я не хачу каментаваць гэту тэму”, — адказвае дзяўчына на пытанне Еўрарадыё, ці працягвае яна працаваць у стрыптызе.
Таксама, згодна з умовамі, падчас конкурсу дзяўчаты не мелі права з'яўляцца на прыёмах, прэс-канферэнцыях і клубных мерапрыемствах без суправаджэння прадстаўніка СТВ і былі абавязаныя выконваць усе яго патрабаванні.
“3.13 Канкурсантка абавязваецца не з'яўляцца ня прыёмах, прэзентацыях, клубных мерапрыемствах, прэс-канферэнцыях і таму падобных мерапрыемствах без суправаджэння прадстаўніка Тэлекампаніі і выконваць усе яго патрабаванні, просьбы і рэкамендацыі”.
Цікава, што многія ўдзельніцы, як напрыклад, другая віцэ-міс Мінск Наталля Башура працуе ў клубе go-go-танцоркай.
Галоўнае фота: ctv.by