Асуджанага Зянковіча на АНТ назвалі "амерыканскі адвакат, палітолаг, эксперт"

Юрый Зянковіч / АНТ
Увечары 17 студзеня на дзяржканале АНТ выйшла чарговая серыя прапагандысцкага праекта "Свабода слова". У ёй паказалі Юрыя Зянковіча — адваката з беларускім і амерыканскім грамадзянствам. Раней ён быў асуджаны па абвінавачанні ў змове з мэтай захопу ўлады. Потым над ім адбыліся яшчэ два суды. Агульны тэрмін, які яму прысудзілі, — 13 гадоў і 6 месяцаў зняволення.
У мінулых выпусках праекта прапагандысты паказалі "інтэрв'ю" з журналістамі, якія раней працавалі на Радыё "Свабода" — Андрэем Кузнечыкам, Ігарам Лосікам і Ігарам Карнеем. Усе яны былі ў турэмных робах.
А вось Зянковіч быў падпісаны як "амерыканскі адвакат, палітолаг, эксперт". Гутарка з ім запісвалася не ў камеры, і сам Зянковіч быў не ў робе, а ў дзелавым касцюме. Прычына гэтых пераменаў не тлумачыцца. Не выключана, што новы вобраз Зянковіча сведчыць пра яго выхад на волю.
Дарэчы, чатыры месяцы таму прапагандысты паказвалі іншы фільм з Зянковічам. Тады ён быў у робе і на камеру прасіў памілавання ў Лукашэнкі. Неўзабаве пасля паказу гэтага фільма над Зянковічам адбыўся яшчэ адзін суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.