Аўтазапраўкі, якія належалі фірме экс-"кашалька" Лукашэнкі, выставілі на аўкцыён

Запраўка кампаніі "Трайпл"

Запраўка кампаніі "Трайпл" / beltorgi.by

Чатыры аўтазапраўкі пад брэндам кампаніі "Трайпл", якая належыць Юрыю Чыжу, выставілі на аўкцыён. Таргі адбудуцца на сайце пляцоўкі "Белрэалізацыя".

Адна запраўка размяшчаецца ў Бярозе, другая — у Мінску. Уласнікам аўтазаправак называецца кампанія "Нафтахімтрэйдынг". Менавіта гэтая фірма валодала запраўкамі "Трайпл". Сёлета ў чэрвені стала вядома пра яе банкруцтва.

Пачатковы кошт лота ў Мінску — 2 млн 297 тыс. рублёў, у Бярозе — 1 млн 108 тыс. рублёў. Таргі прызначаныя на 25 лістапада.

Таксама на электронны аўкцыён зноў выставілі дзве аўтазапраўкі ў Івацэвіцкім раёне. Раней яны належалі кампаніі "Трайпл", а пазней за пазыкі перайшлі Банку ВТБ.

На першых таргах не было ахвочых купіць запраўкі, таму цяпер суму іх продажу знізілі на 20% — да 4 млн 890,6 тыс. рублёў. Патэнцыйным пакупнікам прапануюць растэрміноўку аплаты да 60 месяцаў. Таргі прызначаныя на 28 лістапада.

Юрый Чыж лічыўся галоўным "кашальком" Лукашэнкі. Але ў другой палове 2010-х гадоў ён трапіў у няміласць. Яго былы партнёр Уладзімір Япрынцаў падаў заяву, пасля якой на Чыжа пачалі крымінальную справу. У лютым 2023-га Чыжу прысудзілі 3,5 года за махлярства і легалізацыю злачынных даходаў. Але да яго ўжылі амністыю і ўлічылі час, праведзены пад вартай да суда.

У жніўні 2024-га паведамлялася, што Чыж цалкам вярнуў кантроль над кампаніяй "Трайпл".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі