На 6 гадоў асудзілі бізнесоўца, у якога знайшлі 1 мільён долараў за лядоўняй

Андрэй Антоненка

Андрэй Антоненка / старонка Антоненкі ў сацыяльных сетках

У Гомелі суд Навабеліцкага раёна 18 лютага вынес прысуд па справе аб замаху на дачу хабару ў асабліва буйным памеры. Абвінавачанаму прысудзілі 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 42 тысячы рублёў (1000 базавых велічынь).

Як паведамляе "Флагшток", гаворка ідзе пра бізнесоўца Андрэя Антоненку. Ён быў падазраваным па крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Калі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавай разведкі праводзілі ператрус у яго, гамяльчук спрабаваў даць хабар кіраўніку групы — пачаў з 20 тысяч долараў і павялічыў да 50 тысяч долараў. У паведамленні суда гаворыцца, што бізнесовец прапаноўваў спыніць крымінальную справу і не адчыняць патаемны сейф за лядоўняй. У ім, як выявілася, ляжалі 700 тысяч долараў і 26 мільёнаў расійскіх рублёў (каля 300 тысяч долараў), якія бізнэсовец хацеў схаваць ад Камітэта дзяржкантролю. Супрацоўнік ДФР ад хабару адмовіўся.

На судзе Антоненка прызнаў сябе вінаватым часткова. Ён пацвердзіў, што пасля выяўлення тайніка прапанаваў аднаму з супрацоўнікаў хабар за спыненне ператрусу. Аднак суму назваў значна меншую —— 20 тысяч расеійскіх рублёў.

Пра лёс канфіскаваных грошай нічога не паведамляецца. Таксама невядома, ці асудзілі Антоненку за ўхіленне ад выплаты падаткаў, якое яму ставілі ў віну першапачаткова.

Да свайго затрымання бізнесовец займаўся ў Беларусі вырабам  катараў, басейнаў і саўнаў. Вырабленая прадукцыя ішла на продаж у Расію.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.