Пад суд трапіў дырэктар найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы будматэрыялаў

Уладзімір Кісялёў

Уладзімір Кісялёў / volkovysknews.by

Дырэктар "Краснасельскбудматэрыялаў" Уладзімір Кісялёў трапіў пад суд. Закрыты разгляд яго крымінальнай справы пачнецца 24 лютага 2025 года ў Гродзенскім абласным судзе.

Кіраўніка найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы будматэрыялаў вінавацяць у наўмысным разгалошванні службовай тайны (ч. 1 арт. 375 КК), піша "Наша Ніва". За гэта пагражае ад штрафа да трох гадоў пазбаўлення волі. Што за тайна і каму яе раскрыў Кісялёў — невядома.

Уладзіміру Кісялёву 66 гадоў. Ён нарадзіўся Чавускім раёне Магілёўскай вобласці. Па адукацыі ён інжынер-механік. У розныя гады Кісялёў узначальваў Беларускі цэментны завод у Касцюковічах, цэментны холдынг (у яго ўваходзілі Касцюковіцкі, Крычаўскі і Краснасельскі заводы). Таксама ён быў чальцом Савета Рэспублікі (2008-2012), старшынёц Касцюковіцкага райвыканкама, першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Ад чэрвеня 2022 года Кісялёў кіраваў "Краснасельскбудматэрыяламі". Пра яго адстаўку нічога не паведамлялася. Але з сайта прадпрыемства яго імя цішком знікла. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.