Баразенка: Персанал ізалятара ставіцца да палітычных лепш, чым да алкаголікаў

Баразенка: Персанал ізалятара ставіцца да палітычных лепш, чым да алкаголікаў

Аляксандр Баразенка, які супрацоўнічае з тэлеканалам "Белсат", быў затрыманы АМАПам падчас разгону Дня Волі 25 сакавіка. Яму далі 15 сутак нібыта за "дробнае хуліганства". У ізалятары на Акрэсціна Баразенка аб'явіў галадоўку і схуднеў на 8 кг. Пра суседзяў па камеры, здароўе, суд Баразенка распавёў у жывым эфіры Еўрарадыё. 

Цікавыя цытаты: 

Тэхналогіі ідуць наперад, а метады ўладаў не змяняюцца. Таму час цяпер працуе на нас.


Тое, што Кацярына Андрэева правакавала амапаўцаў, стукала мікрафонам па шчытах, магчыма, гэта быў лёгкі перабор, але пры гэтым было разуменне, што без каманды яны ўсё адно нічога не зробяць. Да таго ж, без здаровай долі нахабства таксама нельга, бо мы адважваемся на тое, што не кожны прадстаўнік СМІ зможа сабе дазволіць, за што і любяць "Белсат".


Мае блізкія ведаюць, што калі я трапляю на суткі, я там не ем. Гэтыя 15 сутак былі выключэннем. На 13-я я пачаў ужываць ежу, таму што пагоршыўся стан здароўя, бо яно ўсё ж такі даражэйшае, чым датрываць галадоўку. А так, я піў толькі ваду.


Кнігу Андруся Горвата не мог прачытаць, бо не хапала часу. А за гэтыя 15 сутак я прачытаў яе тройчы. Яшчэ была кніга Уладзіміра Вайновіча "Прыгоды салдата Чонкіна" на 600 старонках. Яна зрабіла фурор: калі я яе прачытаў, аддаў сукамернікам. Ім вельмі спадабалася. Яшчэ была кніга па псіхалогіі — пра спосабы кіравання кантактамі з людзьмі, былі правілы дарожнага руху і тое, што было для мяне асабліва важна, прыходзіў свежы нумар "Прэсбола" — адзіная газета, якую дазволілі перадаваць.


Я сядзеў з хлопцамі, якія сталі вядомымі праз прарасіскія акцыі — Галавін і яго паплечнік, забыў прозвішча. Яны былі здзіўленыя свайму затрыманню: і ў РУУСЕ і ў судзе не маглі паверыць, што беларуская махіна правасуддзя праедзецца катком і па іх.


Праблемы са здароўем — вынік атакі на тэхніку. Гэта ўдарыла па нервах. Таму звярнуўся да дактароў, пачаў есці з 13-х сутак: яны ставіліся да мяне прыязна і стараліся дапамагчы. Мне падалося, што стаўленне персаналу да "палітычных" лепшае, чым да тых, хто туды заязджае з белай гарачкай.


На сутках я сустрэў хлопца, які нават не ведаў пра мітынг. Раніцай 25-га ён прачнуўся і заўважыў, што парваліся хатнія пантофлі. Пайшоў у ЦУМ, набыў новыя. Гэта было ў 15.00. Ён рахунак меў з крамы. На выхадзе быў затрыманы. У пратаколе напісалі, што яго затрымлі ў 14.40. І рахунак на судзе ролі не сыграў.


Нават тыя, якіх бяруць за алкаголь, таксама пакутуюць ад таго, што суд не разглядае ніякія матэрыялы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі