Самы багаты чалавек свету становіцца яшчэ багацейшым не па днях, а па гадзінах
І як вы здагадаліся, што гэтая навіна пра Ілана Маска?
Кампаніі амерыканскага мільярдэра і будучага кіраўніка "Дэпартамента эфектыўнасці ўрада" ў кабінеце Дональда Трампа Ілана Маска імкліва растуць у цане, піша Axios.
Акцыі растуць, інвестары задаволеныя
Стартап Маска ў галіне штучнага інтэлекту xAI, стваральнік чат-бота Grok, прыцягвае да 6 мільярдаў долараў пры ацэнцы ў 50 мільярдаў долараў.
Тым часам яшчэ адна кампанія мільярдэра, SpaceX, рыхтуе тэндарную прапанову, у рамках якой ракетная кампанія будзе ацэненая больш чым у 250 мільярдаў долараў, што вышэй за 210 мільярдаў долараў, агучаных раней у 2024 годзе.
Спрыяе Ілану Маску і рынак акцый.
Акцыі Tesla знаходзяцца на ўздыме з таго часу, як Трамп перамог на выбарах прэзідэнта ЗША, падскочыўшы больш чым на 25% з моманту закрыцця таргоў на ўзроўні $251,44 5 лістапада, павялічыўшы рынкавы кошт прыкладна на $225 млрд.
Адзінае выключэнне ў гэтай чарадзе поспехаў — "Х" (былы "Твітар"). З таго часу, як Маск набыў яго два гады таму, адзін з ключавых інвестараў здзелкі, Fidelity, знізіў кошт сацсеткі на 79% на фоне адтоку рэкламадаўцаў.
Колькі грошай у Маска?
Паводле дадзеных на 15 лістапада 2024 года, багацце Ілана Маска ацэньвалася ў 303,7 мільярда долараў ЗША. Для параўнання: у 2020 годзе "скарбонка" бізнесмена ацэньвалася ў 24,6 мільярда долараў.
Ілан Маск на сёння ўзначальвае спіс самых багатых людзей свету. На другім месцы ў рэйтынгу Forbes ідзе былы кіраўнік Oracle Лары Элісан з 224,8 мільярда, на трэцім — заснавальнік Amazon Джэф Безас з 219,4 мільярда долараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.