БАТЭ выйшаў у групавы раўнд Лігі чэмпіёнаў (відэа)
У сераду ў Бялградзе барысаўчане прайгралі "Партызану" — 1:2. Але гол, забіты на чужым полі, аказаўся залатым.
БАТЭ выйшаў у групавы раўнд футбольнай Лігі чэмпіёнаў. 26 жніўня ў Бялградзе барысаўчане прайгралі "Партызану" — 1:2 (на "Барысаў-Арэне" тыдзень таму была атрымана перамога з лікам 1:0).
Большую частку сённяшняга матча БАТЭ правёў спакойна і ўпэўнена. На 16-й хвіліне траўму атрымаў Віталь Радзівонаў і яго замяніў Мікалай Сігневіч. Менавіта ён на 25-й і вывеў сам на сам з брамнікам гаспадароў поля Міхаіла Гардзейчука. Яго ўдар Жыўка Жыўкавіч адбіў, але на дабіванні выдатна згуляў Ігар Стасевіч — 1:0. Моманты ў барысаўчан былі і ў далейшым, аднойчы мяч трапіў у штангу.
Толькі ў канцы матча "Партызан" перахапіў ініцыятыву. На 75-й Петравіч ударыў і мяч рыкашэтам ад Максіма Жаўнерчыка заляцеў у браму Сяргея Чэрніка. Гаспадарам поля для агульнай перамогі трэба было забіць яшчэ двойчы. Адзін гол гаспадары поля забілі ўжо ў даданыя хвіліны. Але барысаўчане вытрымалі і працягнуць выступленне ў Лізе чэмпіёнаў. Гэтай восенню ў Беларусь зноў прыедуць зорныя еўрапейскія клубы. Лёсаванне пройдзе 27 жніўня.
БАТЭ зарабіў як мінімум 14 мільёнаў еўра
БАТЭ выступаў у наступным складзе: Чэрнік, Жаўнерчык, Палякоў, Мілунавіч, Младзенавіч, Алексіевіч, А. Валадзько, А. Глеб (Карніцкі, 75), Стасевіч, Радзівонаў (Сігневіч, 16), Гардзяйчук (Рыас, 90).
Нагадаем, у 2-м раўндзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў барысаўчане перамаглі ірландскі "Дандалк" — 2:1, 0:0, у 3-м — венгерскі "Відэатон" — 1:1, 1:0.
На сённяшні дзень БАТЭ правёў у Лізе чэмпіёнаў (у кваліфікацыі і ў групавым раўндзе) 76 матчаў, у іх атрымана 27 перамог, былі 23 нічыі, 26 паражэнняў, забіта 84 мячы, прапушчана 104.
Усе матчы БАТЭ ў футбольнай Лізе чэмпіёнаў
Фота: Getty Images