Беларус адкрыў кавярню, дзе можна нагаварыцца, як у бары

“На гарэшкі са згушчонкай падсадзілі нават кітайцаў” / Euroradio
“На гарэшкі са згушчонкай падсадзілі нават кітайцаў” / Euroradio

Беларус Яўген Скрабутан марыў адкрыць бар. Ён уяўляў, што будзе сядзець з цыгарай на канапе і абмяркоўваць жыццё з сябрамі. Але замест бара Яўген адкрыў у Варшаве кавярню “Kakao”. Канапы і цыгары няма, але ў астатнім усё як ён марыў. Можна гадзінамі абмяркоўваць жыццё ў Беларусі і жыццё без Беларусі.

Карэспандэнты Еўрарадыё завіталі ў беларускую кавярню і паслухалі, пра што тут гавораць.

Калі захочаце з кім-небудзь пагаварыць у Варшаве — вам сюды

“Калі ёсць выбар паміж зефірам і кебабам, яны купяць кебаб”

— Добры дзень! — вітаецца Яўген з кліентамі. — А нас тут сёння радыё запісвае.

— Якое? Экстрэмісцкае? — пытаюць кліенты. — Ну, то добра, калі экстрэмісцкае!

Большасць кліентаў кавярні пагаджаецца пагаварыць з намі пра Беларусь і пра сябе, але просіць не называць іх сапраўдных імёнаў і не здымаць на камеру. У адных дома засталіся сваякі, і яны не хочуць рызыкаваць іх дабрабытам праз інтэрв’ю “экстрэмістам”, іншыя час ад часу ездзяць у Беларусь.

— Жыву тут недалёка, а з’ехаў трэцяга сакавіка мінулага года. Вайна пачалася, і пайшлі чуткі пра мабілізацыю. Ну і вырашыў — хопіць, я паехаў, — расказвае Макар.

— Дадому найбліжэйшым часам едзеце?

— Ой не.

— А я ў Беларусі не была з лістапада. Па чым сумую? Ну, па ежы не сумую, па сябрах сумую. Хаця і тут, у Варшаве, я толькі з нашымі беларусамі стасуюся, палякаў амаль не ведаю, — кажа нам адна з кліентак.

Беларус адкрыў кавярню, дзе можна нагаварыцца, як у бары
Хіт кавярні — гарэшкі са сгушчонкай

Хоць наведніца сцвярджае, што па беларускіх прысмаках не сумуе, хіт кавярні — беларускія арэшкі са згушчанкай. Яўген кажа, што на іх падсадзілі нават кітайцаў з суседняга інтэрната. Праўда, робяцца беларускія арэшкі з польскай мукі і ўкраінскай згушчанкі.

— Многія нашыя людзі, што называюць сябе “спецыялістамі па згушчанцы”, кажуць, што ад беларускай украінская амаль не адрозніваецца, — кажа Яўген.

Усё, што прадаецца ў кавярні, зроблена рукамі беларусаў. Спачатку гэтымі беларусамі былі жонка і сястра самога Яўгена, але з часам аказалася, што яны не паспяваюць запаўняць прылавак.

Беларус адкрыў кавярню, дзе можна нагаварыцца, як у бары
Яўген Скрабутан, дырэктар кавярні "Какао" / Euroradio

— Таму я звярнуўся да знаёмых, што ў розных канцах Варшавы займаліся выпечкай. І мы стварылі каманду. Цяпер у нас тут ёсць і макаруны, і нават сырнікі.

Арэшкі арэшкамі, але па ўсім сеціве пісалі, што тут і смятаннікамі частуюць.

— Яўген, а дзе смятаннікі?

Аказалася, што смятаннікі — самы нявыгадны прадукт, на якім немагчыма зарабіць. Людзям яны падабаюцца, і яны набываюць танныя смятаннікі замест кавалка даражэйшага пірага. Таму пакуль гэты “настальгічны” прадукт з асартыменту прыбралі.

— А зефір?

— Хатні зефір мы таксама ўмеем рабіць і прадавалі яго. Але палякі яго не разумеюць, а беларусы не так сумуюць па зефіры, каб плаціць за яго вялікія грошы. Калі ёсць выбар паміж зефірам і кебабам, яны купяць кебаб.

 

“Рэч жа не ў булках — людзі прыходзяць пагаварыць”

Пад лета кліенты пачалі з’ядаць менш булак. Адна тэорыя — прыводзяць сябе ў форму да лета, іншая — ужо прывялі сябе ў форму і паляцелі на адпачынак. А тыя, хто застаўся, прыходзяць не па булкі, а па каву — і пагаварыць.

Беларус адкрыў кавярню, дзе можна нагаварыцца, як у бары
На сценах кавярні — адмысловыя партрэты. Яўген можа распавесці наведвальнікам пра кожнага чалавека на іх / Euroradio

Менавіта такая ўнікальная гандлёвая прапанова — “пагаварыць” — прывяла да таго, што барысту ў кавярню шукалі два месяцы.

— Нам быў патрэбны камунікабельны беларускамоўны чалавек з веданнем польскай мовы. Рэч жа не ў продажы булачак, людзі прыходзяць пагаварыць, кожны можа расказаць нейкую гісторыю.

А часам людзі прыходзілі наймацца на працу, і я бачыў, што чалавек прадаў булку — і адварочваецца, у тэлефоне сядзіць. Кліент тады, можа, і не вернецца, бо нічым такая кавярня не адрозніваецца ад іншых. Тут людзі могуць гадзінамі сядзець, бо ім падабаецца слухаць і расказваць гісторыі.

Яўген кажа, што беларусы за мяжой робяць шмат бізнесаў — але чамусьці не заўсёды хочуць падкрэсліваць, што яны беларусы.

— Многія беларусы хутка асімілююцца ў Польшчы. Не ведаю, што на гэта ўплывае, але яны пачынаюць нават мяняць прозвішчы. Але варта заставацца сабою нават у чужой краіне, тым больш у чужой краіне. Я сябе ў Польшчы беларусам адчуваю абсалютна нармальна.

Беларус адкрыў кавярню, дзе можна нагаварыцца, як у бары
Традыцыйны беларускі "павук" з саломкі / Euroradio

Назвацца “беларускай кавярняй” не было нейкім маркетынгавым ходам. Але спрацавала. Я стаў нават закладнікам гэтай сітуацыі, бо цяпер не магу на працу ўзяць украінак з досведам і ўменнем рабіць суперкаву, бо кліенты да нас прыходзяць, каб пачуць беларускую мову і пагаварыць пра Беларусь.

 

“Але трэба жыць, хопіць ужо гараваць”

Яўген кажа, што “Kakao” адкрылася спантанна. Нарадзілася ідэя, ён узяў ровар — і паехаў па ваколіцах шукаць памяшканне ў арэнду. Праз тыдзень ужо зарэгістраваў юрыдычную асобу.

— Бывае, сяджу і думаю: блін, паехаць бы хутчэй у гэтую кавярню. А не едзеш, бо тут жа чалавек працуе, якому ты за гэта плаціш грошы. Атрымліваецца, я стварыў сабе такое месца, куда рэальна хочацца прыходзіць.

Але каб гэты бізнес прыносіў прыбытак, час займацца ўжо другой кавярняй. Са столікамі, з афіцыянтамі, з мерапрыемствамі, з кухарамі. Я ўжо зразумеў, як працуе гэтая сфера, то, можа, будзем пашырацца.

— А па вяртанні ў Беларусь кавярня там у вас з’явіцца?

— Кавярня — гэта добра, але ёсць важнейшыя рэчы. Хацелася б прынамсі для сваіх дзяцей падрыхтаваць краіну. Я спадзяюся, што з’явіцца магчымасць паўдзельнічаць у гэтых працэсах.

Можна верыць і спадзявацца, але тым часам трэба працягваць рабіць сваю справу. Мы робім беларускую кавярню. Працуем, набіраемся досведу. Трэба жыць, хопіць ужо гараваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі