Беларусь — актыўны партнёр акадэмічных абменаў (DAAD)

Пра гэта заявіў кіраўнік аддзела Беларусі і Расіі Нямецкай службы акадэмічных абменаў (DAAD) Хольгер Фінкен, выступаючы 7 чэрвеня на канферэнцыі былых стыпендыятаў DAAD у Мінску. З 1992 года ў рамках праграмы было прызначана фінансаванне для 3,5 тыс. беларусаў. Х.Фінкен адзначыў рост ахвотных трапіць у летнюю школу пры нямецкіх ВНУ. Ён паведаміў, што з такіх курсаў звычайна пачынаецца "DAAD-кар'ера" — навучанне або правядзенне даследчай працы ў ФРН. Пасол ФРГ Гебхарт Вайс, выступаючы на сустрэчы, падкрэсліў, што беларусы, якія вучыліся за мяжой, — "істотны капітал для краіны". Дыпламат выказаў надзею на тое, што эканамічнымі навукамі цікавасць да стыпендыі ў Германіі не абмяжуецца, і абмен будзе наладжаны ва ўсіх галінах.Большасць беларускіх стыпендыятаў — з Мінска, рэгіёны прадстаўлены слаба. Асноўная галіна інтарэсаў беларускіх удзельнікаў — эканоміка. Кіраўнік прадстаўніцтва DAAD у Маскве Томас Праль падкрэсліў, што колькасць выдадзеных у Беларусі стыпендый — гэта "не падарунак, а сведчанне высокага ўзроўню адукацыі беларусаў". Т.Праль расказаў пра пазітыўны досвед удзелу Нямеччыны ў Балонскім працэсе (працэс гарманізацыі сістэм адукацыі краін ЕС) і выказаў надзею, што Беларусь, адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якая ў ім не ўдзельнічае, "не будзе ставіцца да гэтага працэсу скептычна". У сваю чаргу, першы прарэктар БНТУ Уладзімір Саламаха зазначыў, што Балонскі працэс арыентаваны не на павышэнне якасці адукацыі, а на развіццё акадэмічнай мабільнасці. Паводле яго слоў, беларусам "патрэбны час, каб яго асэнсаваць". Першы прарэктар БНТУ таксама зазначыў, што калі спачатку супрацоўніцтва з DAAD мела гуманітарны і краіназнаўчы характар, то сёння яно ўяўляе прафесійныя інтарэсы беларускіх стыпендыятаў.
БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі