Беларусам пачалі прыходзіць "лісты шчасця" за перавышэнне хуткасці ў Расіі
Квітанцыі на аплату штрафаў за перавышэнне хуткасці / autogrodno.by
Жыхар Гродна атрымаў адразу тры квітанцыі з Расіі на аплату штрафаў за перавышэнне хуткасці, расказвае партал "АўтаГродна". Ён тройчы парушыў хуткасны рэжым, калі пераганяў набытую ў Расіі машыну. На машыну былі аформленыя транзітныя нумары. "Для мяне было дзіўна, што штрафы прыйшлі ў Беларусь на хатні адрас. Ведаю многіх хлопцаў, хто таксама такім жа чынам купляў машыны ў РФ, але нікому штрафы яшчэ не прыходзілі, хоць у Расіі камер шмат — злавіць штраф нескладана", — кажа аўтааматар.
У агульнай суме ён цяпер павінен заплаціць 2500 расійскіх рублёў (80 беларускіх). Але як гэта зрабіць, мужчына пакуль не разумее. "Я так разумею, што ў беларускі банк я не магу прыйсці з гэтай квітанцыяй, праз мабільнае прыкладанне свайго банка таксама не магу зрабіць плацёж у сістэму УМВД Расіі па Смаленскай вобласці. Няўжо мне трэба шукаць чалавека ў Расіі і прасіць у яго зрабіць за мяне плацёж?" — разважае ён.
Гродзенскі рэсурс нагадвае, што ў лютым 2023 года было ратыфікаванае Пагадненне аб абмене звесткамі пра парушэнні ПДР паміж Беларуссю і Расіяй. Гаворка ішла ў тым ліку і пра парушэнні, якія былі зарэгістраваныя з дапамогай фотафіксацыі. Кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў тады казаў, што "ад адказнасці парушальнікі не сыдуць, дзе б яны ні знаходзіліся: альбо на тэрыторыі Беларусі, альбо Расіі". Праўда, з яго слоў выходзіла, што парушальніка будуць прыцягваць да адказнасці ўлады той краіны, дзе ён жыве. "Калегі накіроўваюць нам рашэнне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці альбо адміністрацыйны пратакол, і ўжо на тэрыторыі Беларусі мы прыцягваем нашага грамадзяніна да адміністрацыйнай адказнасці паводле закона Беларусі", — тлумачыў тады Кубракоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.