Беларускі Чырвоны Крыж правяраюць на адпаведнасць правілам міжнароднага руху
Дзмітрый Шаўцоў у "ДНР"
Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца пачаў працэдуру Compliance (адпаведнасць устаноўленым правілам) у дачыненні да Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БЧК), паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
Па словах кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, да гэтага прывялі дзеянні генсакратара БЧК Дзмітрыя Шаўцова, "звязаныя са з'яўленнем на публіцы з сімвалам расійскай агрэсіі".
Як паведамляюць у НАУ, яго прадстаўнікі правялі сустрэчы з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і партнёрамі ў Цюрыху і Жэневе, а таксама з беларускай дыяспарай у Швейцарыі. Яны абмяркоўвалі пытанне прыцягвання да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці і за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Беларусь.
"Паводле ацэнак экспертаў, магчымыя наступствы — выключэнне БКК з руху або прыпыненне яго ўдзелу ў руху", — паведамляе прэс-служба НАУ.
Як распавядала Еўрарадыё, кіраўнік БЧК Дзмітрый Шаўцоў з'явіўся на Данбасе ў джэмперы з нашытай літарай Z. Потым ён публічна прызнаў, што БЧК дапамагае ў вывазе ў Беларусь дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. За гэта Украінскае таварыства Чырвонага Крыжа заклікала выключыць Беларусь з міжнароднага руху.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.