Прадстаўнік беларускага Чырвонага Крыжа ў "ДНР" апрануў джэмпер з літарай Z
Дзмітрый Шаўцоў у "ДНР"
Генеральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў для паездкі на Данбас апрануў джэмпер з літарай Z. Яна ўжо паўтара года сімвалізуе расійскую агрэсію ва Украіне. І гэта яго не спыніла.
Чырвоны Крыж — міжнародная арганізацыя, якая не мусіць падтрымліваць ніводны бок канфліктаў. Але ў выпадку з беларускім офісам усё больш чым відавочна.
На Данбас Шаўцоў накіраваўся разам з "матывацыйным трэнерам і бізнесоўцам" Аляксеем Талаем. Фармальнай нагодай стала перадача гуманітарнай дапамогі. Але была ў яго і іншая мэта. Бос БЧК "асабіста пераканаўся, што ўсе дзеці з ДНР пасля адпачынку ў Беларусі вярнуліся дадому".
То бок, беларускі Чырвоны Крыж не толькі падтрымлівае расійскае ўварванне ва Украіну, але і дапамагае Аляксандру Лукашэнку пазбегнуць адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.
У БЧК Еўрарадыё адмовіліся каментаваць сітуацыю. Нам сказалі толькі, што нейкі каментар калісьці будзе апублікаваны ў сацсетках арганізацыі.
З беларускім Чырвоным Крыжам звязана шмат скандалаў, бо ён трывала асацыюецца з рэжымам. Напрыклад, ад арганізацыі вылучалі чальцоў выбарчых камісій і назіральнікаў, хаця яна "па-за палітыкай". Нягледзячы на шматлікія скаргі, кіраўніцтва міжнароднага Чырвонага Крыжа не прымала ніякіх мер. Летась Дзмітрыя Шаўцова злавілі на гамафобных выказваннях.
Абвінавачванне ў ваенным злачынстве — "арганізаваным і сістэматычным вывазе ўкраінскіх дзяцей" — вельмі хвалюе Аляксандра Лукашэнку. "Лукашэнку ў Гаагу...". За што?" — абураўся нядаўна ён на нарадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.