"За што ў Гаагу?" — абураецца Лукашэнка
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі, 6 ліпеня 2023-га / president.gov.by
Абвінавачванне ў ваенным злачынстве — "арганізаваным і сістэматычным вывазе ўкраінскіх дзяцей" — вельмі хвалюе Аляксандра Лукашэнку. На сустрэчы з журналістамі 6 ліпеня ён зноў выказаўся на гэтую тэму. І ў чарговы раз заявіў, што "аздараўленнем і рэабілітацыяй дзяцей Данбаса" займаецца грамадскі дзеяч, яго прыхільнік Аляксей Талай.
"Мы прывозілі гэтых дзяцей, — кажа Лукашэнка. — Для нас гэта было натуральна, я і не ўнікаў у гэтую тэму. Але раптам потым, за ўсё гэта добрае, прачытаў у аглядзе: "Лукашэнку ў Гаагу...". За што? "За тое, што ён крадзе дзяцей, крадзе, перамяшчае...". Мы нікога не крадзем".
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусь прыязджаюць вялікія групы дзяцей на адпачынак і аздараўленне, "а потым з'язджаюць назад". "Ніякага злачынства мы тут не здзяйснялі і здзяйсняць не збіраемся", — апраўдваўся Лукашэнка.
У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. Гэтай дзейнасцю зацікавіліся і ўлады Украіны.
Папярэдні раз Аляксандр Лукашэнка выказаўся на гэтую тэму 27 чэрвеня, выступаючы на цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў. Абвінавачванні ён назваў "вар'яцтвам". З абурэннем Лукашэнка згадаў "кампанію" кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Апошні якраз перадаў пракурору Міжнароднага крымінальнага суда доказы ваенных злачынстваў, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі асобамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.