У суд у Гаазе перадалі доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі
Дзеці з акупаванай расіянамі тэрыторыі Украіны ў Беларусі, красавік 2023-га / sb.by
27 чэрвеня ў Гаазе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне перадало пракурору Міжнароднага крымінальнага суда доказы ваенных злачынстваў, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам, Дзмітрыем Мезенцавым, Іванам Галаватым, Аляксеем Талаем і Вольгай Волкавай. Яны датычаць прымусовага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь.
Як піша кіраўнік НАУ Павел Латушка, пракурор Міжнароднага крымінальнага суда атрымаў матэрыялы пра "арганізаваны і сістэматычны вываз украінскіх дзяцей", які пачаўся ў верасні 2022-га. Пералічваюцца маршруты, гарады, з якіх вывезлі больш за 2100 дзяцей. Таксама вядомы і выпадкі "несістэмнага арганізаванага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь да верасня 2022 года".
"Перададзеныя пракурору матэрыялы сведчаць аб тым, што Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы арганізацыйна-распарадчага характару пад шырмай так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, на падставе якіх быў арганізаваны і прафінансаваны вываз украінскіх дзяцей у Беларусь", — падкрэслівае Латушка. Найбольш дзяцей было прывезена ў лагер Дубрава, які належыць "Беларуськалію".
"Адначасова ўжо сёння мы актыўна рыхтуем наступны "ўдар" у крымінальным пераследзе Лукашэнкі за здзейсненыя ім злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва", — дадае кіраўнік НАУ.
У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю насельніцтва і незаконны перавод насельніцтва з акупаваных раёнаў Украіны ў Расійскую Федэрацыю на шкоду ўкраінскім дзецям. Аляксандр Лукашэнка пакуль трапіў у іх кампанію толькі ў рэзалюцыі ПАСЕ. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію ўкраінскіх дзяцей. Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. У Мінску гэта вельмі нервова ўспрымаюць.
У пачатку лета міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс перадаў пракурору МКС падрабязную інфармацыю, сабраную Святланай Ціханоўскай, пра датычнасць беларускай палітычнай эліты і дзяржпрадпрыемстваў да перамяшчэння дзяцей з Украіны на тэрыторыю Беларусі. Кіраўнік НАУ Павел Латушка перадаў Генпракуратуры Украіны дасье на 12 украінскіх дзяцей-сіротаў, вывезеных у Беларусь з акупаваных Расіяй тэрыторый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.