"Талай туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне" — Лукашэнка ўжо ведае пра Гаагу

Дзеці з Данбаса ў Мінску / sb.by
Дзеці з Данбаса ў Мінску / sb.by

Аляксандр Лукашэнка ведае, што яго абвінавачваюць у ваенным злачынстве — "арганізаваным і сістэматычным вывазе ўкраінскіх дзяцей". 27 чэрвеня, выступаючы на цырымоніі ўручэння генеральскіх пагонаў, ён згадаў і гэтую тэму, якая яго вельмі хвалюе. Абвінавачванні Лукашэнка назваў "вар'яцтвам". З абурэннем ён згадаў "кампанію" кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Апошні ў аўторак перадаў пракурору Міжнароднага крымінальнага суда доказы ваенных злачынстваў, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі асобамі.

Лукашэнка фактычна пачаў адпраўдвацца ды згадаў свайго прыхільніка Аляксея Талая: "Ён туды-сюды ездзіць, гэтых дзетак цягне. Да мяне дзесяць разоў звяртаўся. Я выйшаў на Пуціна, кажу: давай мы частку саюзнага бюджэту выдаткуем на гэтых дзетак. Вось так і пачалі іх прывозіць. Аздаравілі — яны з'ехалі. З'язджаць не хочуць... Мяне ўжо ў крымінальны суд за гэта. Гэта мярзотнікі далей няма куды".

У сакавіку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. Гэтай дзейнасцю зацікавіліся і ўлады Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі