Беларусы сёлета здалі ў банкі 1,65 мільярда долараў "чыстымі"
Валюта
За студзень–кастрычнік 2023 года ў Беларусі фізічныя асобы здалі ў банкі 1,651 мільярда долараў ЗША ў эквіваленце наяўнай валюты. Гэта значыць, як піша сайт Banki24, што за 10 месяцаў валавы продаж валюты перавысіў валавую куплю роўна на такую суму.
Найбольш актыўна беларусы здавалі валюту ў красавіку і траўні. У гэтыя месяцы чысты продаж наяўнай валюты склаў 217 мільёнаў долараў і 283,8 мільёна долараў адпаведна. У кастрычніку беларусы здалі ў абменнікі на 122,7 мільёна долараў больш, чым купілі.
Апошнім разам фізічныя асобы больш актыўна здавалі валюту толькі ў 2017 годзе. Тады па выніках 10 месяцаў года чысты продаж валюты насельніцтвам склаў 2,106 мільярда долараў.
У Banki24 такі продаж валюты тлумачаць рэзкім скарачэннем дзелавых і турыстычных паездак у краіны Еўрасаюза і ЗША. Маўляў, ва ўмовах значных абмежаванняў беларусам прасцей траціць грошы ў межах Беларусі і краін ЕАЭС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.