У Беларусі адбываецца нацыянальная катастрофа — Турарбекава

Пратэсты ў Мінску ў 2020 годзе / Unsplash
“Адыход беларусаў пасля 2020 года не спыніцца, пакуль гэты канцлагер не спыніць сваё існаванне”, — напісала ў сваіх сацсетках паліталагіня Роза Турарбекава.
Паводле яе, у Беларусі цяпер адбываецца “нацыянальная катастрофа”, то-бок рэпрэсіі працягваюцца, людзі бягуць з краіны. І калі ў найбліжэйшыя 10 гадоў не адбудзецца зменаў, не будуць створаныя ўмовы для тых, хто можа вярнуцца, то незалежнай Беларусі не стане.
У эфіры Еўрарадыё Роза Турарбекава патлумачыла сваё меркаванне і адказала на пытанне, ці сам рэжым разумее, у якой сітуацыі аказаўся.
— Разумее. Час ад часу ён такія пытанні задае, і час ад часу адбываюцца паседжанні што да гэтай праблемы. Напрыклад, праца “камісіі па вяртанні”. Гэта адчувальна, калі ідзе адток людзей. А самае галоўнае — з’язджаюць спецыялісты, прафесіяналы.
У тэрмін “нацыянальная катастрофа” Турарбекава ўкладае не толькі статыстычныя дадзеныя, звязаныя з эміграцыяй, смерцямі і да т. п., але і страту чалавечага капіталу, які вельмі цяжка аднавіць у будучыні.
— У выпадку з Беларуссю ў нас атрымліваецца: прафесійная міграцыя — раз, масавая міграцыя — два. Мы не толькі агулам страчваем людзей, але страчваем і цэлыя прафесійныя групы. І на фоне ўсяго гэтага ўрад не прымае ніякіх эфектыўных мераў, каб стварыць спрыяльныя ўмовы для вяртання і працы ўнутры краіны, каб не было спакусы з’ехаць. Наадварот, працягваюць біць, саджаць і звальняць.
Экспертка звяртае ўвагу на тое, што дзяржава не робіць нічога, каб хаця б запаволіць патокі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.