Без намёкаў. Як бальшавікі змагаліся з рэлігіяй

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Царква стала сур'ёзнай перашкодай для выхавання пакорлівага грамадзяніна. Таму ўлады аб'явілі ёй вайну.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як бальшавікі змагаліся з рэлігіяй. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года бальшавікі ўстанавілі ў Савецкім Саюзе новы палітычны рэжым. Іх ідэалогія засноўвалася на марксізме-ленінізме, які адпрэчваў рэлігію як "опіум для народа" і лічыў яе прыладай эксплуатацыі працоўнага класа.

Бальшавіцкая прапаганда стала хуткімі і даступнымі спосабамі весці барацьбу з “папамі” — менавіта так, грэбліва, з таго часу сталі называць святароў. На савецкіх плакатах іх малявалі карыкатурна — тоўстымі і максімальна агіднымі.

Без намёкаў. Як бальшавікі змагаліся з рэлігіяй
Савецкая карыкатура

Ад прапаганды бальшавікі хутка перайшлі да дзеянняў. Першым пацярпелым ад рук бальшавікоў лічыцца святар Екацярынінскага сабора Царскага Сяла Іван Качураў. Яго забілі ў 1917 годзе чырвонаармейцы, якія ўварваліся ў былую царскую рэзідэнцыю.

У 1918 годзе яны выдалі ўказ "Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы". Царкоўныя землі былі нацыяналізаваныя, а шлюб і сямейныя адносіны былі выведзеныя з царкоўнага рэчышча.

Падчас антырэлігійнай кампаніі большасць царкоўнай уласнасці была канфіскаваная. Храмы, манастыры і царкоўныя землі перайшлі ў дзяржаўную ўласнасць. Памяшканні  прыстасавалі для іншых мэтаў, там зрабілі клубы, склады ці музеі. Многія храмы былі зачыненыя або разбураныя.

Папулярнай практыкай таго часу было ўскрыццё мошчаў святых, каб паказаць, што зусім яны ніякія не нятленныя — паглядзіце, грамадзяне, як вас падманваюць царкоўнікі. Афіцыйнай яна стала 16 лютага 1919 года, калі Наркамат юстыцыі выдаў пастанову, што заахвочвала яе.

“Ускрыццё мошчаў неабходна вітаць, бо ва ўсіх выпадках, як і трэба было чакаць, на самай справе аказваецца, што ніякіх “мошчаў” не існуе, і пры гэтым ясна для ўсіх выкрываецца шматвяковы падман служыцеляў культу, а таксама і спекуляцыя эксплуататарскага класа на рэлігійных пачуццях цёмнай і неадукаванай масы”, — было напісана ў тлумачэннях да дакумента.

У 1922 годзе бальшавікі пайшлі далей і ініцыявалі кампанію па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў на падставе барацьбы з масавым голадам і аднаўлення разбуранай пасля Грамадзянскай вайны эканомікі. З усёй краіны ў спецыяльна створанае дзяржаўнае сховішча звозілі царкоўныя рэчы з каштоўных металаў, аправы ікон, крыжы і іншыя вырабы, дзе магло было быць золата, срэбра або каштоўныя камяні. Многае пасля прадалі на Захад.

Святары актыўна супраціўляліся варварскаму разрабаванню цэркваў, за што чэкісты арыштоўвалі іх, абвінавачваючы ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і антысавецкай прапагандзе, катавалі і рэпрэсавалі. Больш за тысячу святароў пацярпела ў пачатку 1920-х, у тым ліку важныя архірэі Масквы і Петраграда.

Знос храмаў

Пасля смерці Леніна ў партыі пачалася актыўная барацьба за ўладу, і рэпрэсіі на царкву на некаторы час сціхлі. Аднак ужо ў 1928 годзе былі зробленыя захады "па ўзмацненні антырэлігійнай барацьбы", якая была ўжо прыраўнаваная да класавай. У СССР быў ініцыяваны масавы знос храмаў, які працягваўся ўсе 1930-я. Як вынік да канца існавання СССР з 54 тысяч дарэвалюцыйных цэркваў засталося толькі каля 7 тысяч.

Без намёкаў. Як бальшавікі змагаліся з рэлігіяй
Знос храма Хрыста Збавіцеля / TASS

У канцы 1930-х пачаўся сталінскі Вялікі тэрор і масавыя рэпрэсіі. Іх не пазбеглі і астатнія святары. Увесь гэты час іх увесь час арыштоўвалі, часта проста падчас службы — і часцей за ўсё па палітычных матывах «антысавецкая агітацыя». Мноства праваслаўных святароў і архірэяў адбывалі пакаранне ў турмах і на высылках, а таксама на катаржных працах ГУЛАГа. Многія загінулі там ці былі расстраляныя.

У 1937 і 1938 гадах на Бутаўскім палігоне пад Масквой было расстраляна каля 20 тысяч чалавек — і каля тысячы з іх былі прадстаўнікамі духавенства розных канфесій. Патрыярх Аляксій II у 1990-х назваў брацкія магілы гэтага месца "Рускай Галгофай", усе гэтыя людзі былі рэпрэсаваныя ў пазасудовым парадку, паводле прысуду "тройкі НКУС". Пасля развалу СССР 321 святар быў прылічаны да ліку святых, Бутаўскіх навамучанікаў.

Паводле розных ацэнак, у сувязі з царкоўнымі справамі за ўвесь час СССР пацярпела да 100 тысяч чалавек.

Нягледзячы на пераслед, некаторыя вернікі і духавенства працягвалі хавацца і захоўваць сваю веру ў таямніцы. Яны арганізоўвалі таемныя малітоўныя групы, падпольныя богаслужэнні і семінары, каб захаваць хрысціянскую веру і традыцыі.

Усё пад кантролем

У 1940-х гадах, падчас Другой сусветнай вайны і пасля яе, савецкі ўрад паслабіў антырэлігійную палітыку ў некаторых абласцях. Вернікам было дазволена больш свабодна практыкаваць сваю рэлігію, аднак царква працягвала знаходзіцца пад кантролем дзяржавы.

Па прызнанні саміх святароў, у пасляваенны час усе праваслаўныя іерархі вымушаныя былі супрацоўнічаць з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. У прыватнасці, пра гэта расказваў прадстаяцель Украінскай праваслаўнай царквы, патрыярх Філарэт.

“Не было ніводнага біскупа, які не меў бы кантактаў з імі. Калі ён не меў кантактаў, то ён не быў біскупам. Таму, калі нехта з архірэяў тых скажа, што ён не меў кантактаў, гэта азначае, што ён кажа няпраўду. Я гэта сапраўды ведаю".

Акрамя таго, шэраг крыніц паведамляюць, што некаторыя святары самі з'яўляліся супрацоўнікамі спецслужбаў. Напрыклад, патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Уладзімір Гундзяеў), будучы ў 1970-я гады прадстаўніком Маскоўскага патрыярхату пры Сусветнай радзе цэркваў у Жэневе, працаваў на КДБ пад псеўданімам "Міхайлаў". Аб гэтым напісалі журналісты швейцарскіх газет Tages-Anzeiger (Sonntags Zeitung) і Le Matin Dimanche.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі