Біч XXI стагоддзя. Атлусценне як праблема для падлеткаў і для грамадства

Атлусценне — біч XXI стагоддзя

Атлусценне — біч XXI стагоддзя / Еўрарадыё

“Мне падабаюцца стройныя дзяўчаты, якія займаюцца сабой, сочаць за сабой, бо дзяўчына — гэта, у першую чаргу, працяг роду. Як можа быць дзяўчына працягам роду, калі яна за сабой не сочыць? Атрымліваецца, у яе будуць такія ж дзеці". Гэтую пячорную ерась нясе госць ток-шоу "Да!Но…" на дзяржаўным беларускім тэлеканале — кіраўнік з Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Уладзімір Гутнік.

Заявы гэтага спікера цалкам можна назваць аб'ектывацыяй — жаночую прыгажосць ён успрымае як функцыю, неабходную для ўзнаўлення насельніцтва. Фактычна ён дзеліць жанчын на "прыдатных" і "непрыдатных" — а ў апошніх і дзеці будуць "такія ж". Надаваць яму па шчоках за такую тыраду маюць права 100% беларускіх жанчын. Бо Гутнік залічвае ў "непрыдатныя" каля 60% з іх: менавіта такая доля жыхароў і жыхарак Беларусі, якія жывуць з лішняй вагой.

Што ж да "непрыдатных" дзяцей, то афіцыйная статыстыка кажа, што на атлусценне ў нашай краіне пакутуе кожны чацвёрты/чацвёртая. Дзяцей і падлеткаў з лішняй вагой у Беларусі таксама дражняць. Але не па тэлевізары. Крыўдныя мянушкі, выспяткі, байкоты і іншыя формы булінгу — гэта далёка не ўсе беды, якія суправаджаюць хлопцаў і дзяўчат, што адрозніваюцца ад іншых. Важна разумець, што атлусценне — гэта не толькі медыцынская, але і сацыяльная праблема.
 

Жыццё як скрынка шакаладных цукерак

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

— Я б сказала, што гэта цывілізацыйная хвароба, ці хвароба змены ладу жыцця людзей, — разважае пра атлусценне доктарка-педыятр Мая Церакулава. — Эвалюцыйна мы створаныя для таго, каб хадзіць вялікую колькасць гадзін у дзень. То-бок, каб захоўваць здароўе, чалавечаму арганізму неабходная фізічная нагрузка. Сёння многія яе недаатрымліваюць, у тым ліку дзеці.

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

Таму павінныя стварацца ўмовы, каб штучна падтрымліваць гэтую фізічную нагрузку. Напрыклад, манера прагульваць урокі фізкультуры ні да чога добрага дакладна не прыводзіць. Трэба прывучаць дзіця да спорту, да штодзённай ранішняй зарадкі.

Вядома, людзі сутыкаюцца з атлусценнем часцей, чым раней. Лёгказасваяльныя вугляводы, ці простыя цукры, якія так падабаюцца дзецям, сёння вельмі даступныя. Дзясяткі тысяч гадоў чалавечай эвалюцыі цукар быў каштоўнай крыніцай вугляводаў, калорый, неабходных для мозгу, таму людзі яго і любяць. Але цяпер яго зашмат. Чалавечаму арганізму ўжо не трэба столькі энергіі.

Увогуле, прычыны атлусцення зразумелыя: лад жыцця, цывілізацыя. Так што, паўтаруся: для таго, каб унікнуць праблемы, трэба кантраляваць спажыванне калорый і забяспечваць дастатковую колькасць фізічнай нагрузкі дзіцяці.

Паводле экспертаў з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у развітых краінах атлусценне каля 10 гадоў таму набыло форму эпідэміі. Ужо тады беларусы былі самымі тлустымі сярод жыхароў краін былога СССР. Паводле статыстыкі за 2010 год, 63,7% мужчын і 69,9% жанчын у Беларусі мелі лішнюю вагу, а 32,2% жанчын і 16,2% мужчын пакутавалі на атлусценне.

У 2017 годзе колькасць людзей з атлусценнем у Беларусі перавысіла 25% і з таго часу істотна не змянілася. Аднак з кожным годам павялічваецца доля дзяцей і падлеткаў, якія пакутуюць на лішнюю вагу.


Можа, гэта проста косць шырокая?

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

Атлусценне — гэта залішняя канцэнтрацыя тлушчавай тканікі ў арганізме чалавека. Ёсць такі паказчык — індэкс масы цела. Гэта велічыня, якая дазваляе ацаніць ступень адпаведнасці масы чалавека і яго росту і тым самым ўскосна меркаваць пра тое, з'яўляецца маса недастатковай, нармальнай ці лішняй. Каб вылічыць яе, трэба вагу чалавека падзяліць на яго рост у метрах, узведзены ў квадрат.

Нармальны індэкс масы цела ў дарослага чалавека складае ад 20 да 25 кг/м2. Да 30 — гэта яшчэ не хвароба, але адхіленні, якія патэнцыйна могуць да яе прывесці. Атлусценнем называюць сітуацыю, калі індэкс масы цела большы за 30.

Што да дзяцей, то ёсць спецыяльныя табліцы, дзякуючы якім можна даведацца стандарты ў залежнасці ад узросту і вагава-роставых паказчыкаў дзіцяці. У нейкі момант дзеці растуць хутка, у нейкі — павольна. Адпаведнасць вагі і росту павінная быць гарманічнай. Калі вага вышэй за норму па ўзросце дзіцяці, глядзяць на рост. Яго рост можа быць таксама вышэйшы за норму па ўзросце, і тады гэта проста буйное дзіця.

Педыятры штогод запаўняюць гэтыя антрапаметрычныя дадзеныя, калі вымяраюць вагу і рост дзіцяці перад пачаткам навучальнага года. Дзякуючы гэтаму можна хутка заўважыць, калі раптам нешта ідзе не так.

— Самая распаўсюджаная прычына атлусцення звязаная з ладам жыцця і пераяданнем. Яно праяўляецца паступова, — працягвае Мая Церакулава. — Калі вага дзіцяці значна павялічылася за год, варта шукаць нейкія арганічныя прычыны.

Многія людзі любяць звязваць лішнюю вагу з эндакрыналагічнымі праблемамі. Маўляў, уся рэч у іх. Насамрэч гэта даволі рэдкая з'ява.

Напрыклад, гіпатэрыёз, або дэфіцыт гармонаў шчытападобнай залозы, можа выклікаць атлусценне па кушынгоідным тыпе. Пры такім тыпе захворвання чалавек набывае круглы твар, жывот робіцца вельмі вялікім, пры гэтым канцавіны худыя. Такое непрапарцыйнае атлусценне. Гэты тып атлусцення часцей сустракаецца ў дарослых, і рашэннем такіх праблем сапраўды займаецца эндакрынолаг.

Людзі баяцца прызнацца сабе, што яны пераядаюць. Але ў гэтым няма нічога страшнага. Трэба проста заняцца вырашэннем праблемы. Многія ходзяць у дарагія спартыўныя залы і пераплачваюць, але часцей за ўсё хапае звычайнага доктара ЛФК, які дакладна падбярэ вам практыкаванні.

Лячыць атлусценне не так і проста. Каб дапамагчы чалавеку змяніць лад жыцця, патрэбныя не толькі дактары, але і псіхолагі.

Важны момант: дактары павінныя быць вельмі асцярожныя падчас зносін з дзіцем, у якога ёсць атлусценне. Нельга секчы з пляча, трэба проста акуратна тлумачыць, чаму важна весці здаровы лад жыцця.

За мяжой атлусценне нярэдка лечаць хірургічным метадам, у тым ліку ў дзяцей. Часам гэта лепш, чым альтэрнатыва развіцця захворвання і пабочных эфектаў.
 

Буліць — значыць любіць?

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

Каб разабрацца, з якімі праблемамі сутыкаецца беларускае дзіця з атлусценнем і што з гэтым рабіць, ідзём да дзіцячага і сямейнага псіхолага Святланы Карнеевай (імя змененае з меркаванняў бяспекі).

— Многія бацькі самі ж стыгматызуюць гэтае пытанне. У выніку бедныя дзеці наогул нідзе не атрымліваюць падтрымкі, — кажа наша суразмоўніца. — У ідэале мы ўсе любім сваіх дзяцей і хочам для іх лепшага. Але часам, калі дзіця не адпавядае чаканням, не ўсе таты і мамы могуць з сабой справіцца. Атрымліваецца, што тыя бацькі, якія больш-менш спраўляюцца, могуць быць апорай свайму дзіцяці, іншыя — пазбаўляюць яе.

Калі гаворка ідзе пра здароўе, калі бацькі не могуць ніяк паўплываць на сітуацыю, то ім трэба спыніцца і сказаць сабе: так, вось гэта адбываецца, гэта наша дзіця і мы не можам гэта кантраляваць. Паколькі я не магу паўплываць на гэта, мне давядзецца прымаць дзіця такім, якім яно ёсць. Тое, што я яго буду крытыкаваць або гнабіць, толькі пагоршыць яго самаацэнку. Вядома, бацькам трэба працаваць. Можа, ён будзе чытаць сабе раніцай заспакаяльныя мантры альбо пойдзе да псіхолага. Працаваць з прыняццем вельмі складана.

Калі бацькі настроеныя дапамагаць дзіцяці, яны могуць натхніць яго на перамены. Трэба заразіць дзіця ідэяй, што яно можа ачуняць і выглядаць добра. Можна займацца дома, можна наведваць нейкую секцыю. Добра рабіць нешта разам.

— Як грамадства ставіцца да людзей, якія нейкім чынам адрозніваюцца ад іншых па вазе, росту, колеры скуры і гэтак далей?

— Жывучы цяпер у Еўропе, я заўважаю, што тут зусім розныя дзеці ходзяць разам, сябруюць і нічога ім не перашкаджае. Такой вострай праблемы, як у Беларусі, калі адрозныя ад іншых дзеці трапляюць у самую сапраўдную ізаляцыю, я тут не бачу. А ў нас дзеці часцей за ўсё саромеюцца свайго цела і сыходзяць у сябе. На жаль, гэта праўда і вялікая праблема.    

У такой сітуацыі дзіця знаходзіцца ў стрэсе, і ў яго спрацоўвае ахоўная функцыя арганізма, ад чаго яно можа пачаць есці яшчэ больш. Прыём ежы — гэта наогул досыць важная, першарадная частка нашага жыцця. Мы нараджаемся і адразу атрымліваем малако ад маці. Таму і далей мы звязваем працэс харчавання не толькі з насычэннем, але і з задавальненнем, заспакаеннем і бяспекай.

У дзіцяці могуць быць парушаныя харчовыя паводзіны. Гэта можа быць звязана і са здароўем, але і ў тым ліку з тым, што яно адчувае стрэс, а таксама калі ў сям'і прынята ўсё заядаць.

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

— Як змагацца з булінгам?

— Бацькі павінныя разумець, што дзіця будзе сутыкацца з рознымі рэакцыямі навакольных. І тут таксама важна быць вельмі моцнымі і ўстойлівымі.

Дзеці вельмі ўразлівыя, асабліва меншыя. Калі дзіця чымсьці адрозніваецца ад іншых, то гэта працуе як стрэльба, якая калі-небудзь, але стрэліць.

СААЗ хоча ўнесці прэпараты супраць атлусцення ў "спіс асноўных лекаў"
Мы павінныя быць да гэтага гатовыя — кантраляваць сітуацыю і быць у кантакце з настаўнікамі, па магчымасці — быць у бацькоўскім камітэце, падтрымліваць зносіны. Гэта трэба рабіць, каб, калі раптам дзіця падасць нейкі сігнал пра тое, што яго не прымаюць, мы змаглі знайсці яму апору ў вонкавым свеце.

Настаўнікі могуць дапамагаць, але падтрымка бацькоў вельмі важная. Пакуль дзіця не можа абараніць сябе само, гэтую функцыю выконваюць дарослыя.

Дапусцім, дзіця ўсё зразумела. А як быць з навакольнымі дзецьмі, якія працягваюць здзекавацца?

— У выпадку, калі гэта адбываецца гвалтоўна, раскажыце, што яно заўсёды можа паклікаць настаўніка ці іншага чалавека на дапамогу. Дзіця мусіць зразумець, што маўчаць нельга.

Калі мы гаворым пра абзыванні і да таго падобнае, праз што дзіця прыходзіць дадому сумнае і замкнёнае, растлумачце, што вельмі б хацелі дапамагчы, але не можаце паўплываць на ўсіх дзяцей. Спытайце, што трэба зрабіць, каб яно адчувала сябе камфортна. Паразважайце. Нагадайце, што чалавек — гэта не толькі яго выгляд, але яшчэ куча нейкіх талентаў, кампетэнцый, асабістых якасцяў.

Можна выглядаць па-рознаму, але многае ўмець, як, напрыклад, гэты чароўны поўны хлопчык, які так цудоўна спявае джаз. Развіваючы таленты свайго дзіцяці, мы дапамагаем яму справіцца з цяжкім уяўленнем пра сябе.  

Ваша дзіця нарадзілася, і ў яго ёсць месца ў гэтым свеце. Яно мае на яго поўнае права, як і ўсе астатнія, і ніхто не мае права яго ў чымсьці абмяжоўваць.
 

Не дыетай адной

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

У барацьбе з атлусценнем у дзяцей дыеты, якіх прытрымліваюцца дарослыя, не падыходзяць. Акцэнт трэба рабіць на здаровым харчаванні. Але цалкам прыбраць, да прыкладу, прысмакі немагчыма, бо дзяцей немагчыма ўявіць без цукерак. Цалкам пазбаўленыя шкоднай ежы — фастфуду, салодкай газіроўкі, чыпсаў — дзеці будуць адчуваць моцны стрэс.

Бич XXI века. Ожирение как проблема для подростков и для общества

— Аптымальная аснова рацыёну дзіцяці, якое худнее, — кашы з цэльных крупаў (грэчка, рыс, проса, аўсянка, пярлоўка, кускус). Не шматкі. Кашы хуткага прыгатавання — гэта таксама не тое, што трэба, — кажа педыятр 22-й мінскай дзіцячай паліклінікі Аксана Лабанава. Уключыце ў штодзённае меню гародніну ў любым выглядзе — свежую, вараную, запечаную, а таксама садавіну. Усё, што ўтрымлівае клятчатку, вельмі карыснае не толькі для дзіцячага арганізма, але і для дарослага. У рацыёне мусіць быць і мяса. У ім шмат жывёльнага бялку. Калі дзіця любіць птушку, яна таксама падыдзе. У мясе кураняці няма эрытрацытаў, але шмат бялку.

Таксама карысныя яйкі, малочныя, кісламалочныя прадукты. Вельмі важна, каб уся сям'я перайшла на правільнае харчаванне. Тады будзе эфект. Дзіця, асабліва дашкольнага ўзросту, заўсёды бярэ прыклад з бацькоў. І калі мама і тата ядуць на сняданак кашу, то і яно будзе. А калі дарослыя даюць малому кашу, тварог, а самі пры гэтым ядуць бутэрброды з сыравэнджанай каўбасой, то, паверце, не стане ён есці карысную ежу.

Для перакусаў у школу медык раіць даваць дзецям бананы, яблыкі, персікі, арэхі (трохі, бо яны каларыйныя, але разам з тым карысныя), ёгурты, мультызлакавыя батончыкі, хлябцы. Таксама можна перакусваць інжырам, чарнаслівам, фінікамі, курагой.

Але важнае не толькі харчаванне, але таксама сон і арганізацыя дня:

Калі дзіця недасыпае, яно будзе больш схільнае да набору вагі. Таксама важна снедаць, абедаць, вячэраць адначасова. І вядома, неабходная аптымальная фізічная актыўнасць. Прывучыць дзіця да ранішняй зарадкі, хоць бы пяціхвіліннай, каб "запусціць" арганізм. Пажадана аддаць яго/яе ў спартыўную секцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі