Больш за 3,5 тысячы украінскіх дзяцей было дэпартавана ў Беларусь — Латушка
Украінскія дзеці ў Беларусі, ілюстрацыйнае фота
У Беларусь было дэпартавана больш за 3,5 тысячы украінскіх дзяцей з больш як 20 населеных пунктаў, якія размяшчаюцца на акупаваных тэрыторыях Украіны. Такія лічбы назваў "Позірку" кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.
Раней называлася лічба 2,5 тысячы дзяцей.
19 верасня Аляксандр Лукашэнка прыняў кіраўніка так званай “Данецкай народнай рэспублікі” Дзяніса Пушыліна. Падчас гэтай сустрэчы ён прызнаў, што ўкраінскіх дзяцей вывозяць у Беларусь. Аднак Лукашэнка заявіў пра высакародныя мэты, з якімі вывозяць дзяцей, і паскардзіўся, што яму за гэта пагражаюць судом:
"Мы дзетак вашых заўсёды прымаем сюды на лячэнне, адпачынак. Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы крадзем, выяўляецца, вашых дзяцей. Ну, дык я прапанаваў і Украіне, і амерыканцам: калі ласка, прыязджайце, знайдзіце хоць адно скрадзенае дзіця".
Каментуючы гэтыя выказванні Лукашэнкі, Латушка заявіў: “Лукашэнка не ўпершыню публічна прызнаецца ў факце здзяйснення ваеннага злачынства — дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый на тэрыторыю Беларусі".
Раней НАУ падрыхтавала і перадала Украіне дакументы пра прымусовы вываз украінскіх дзяцей у Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.