Лукашэнка паскардзіўся Пушыліну, што за скрадзеных дзяцей яму пагражаюць судом

Дзяніс Пушылін у Мінску

Дзяніс Пушылін у Мінску / Telegram

У Беларусь зноў прыехаў кіраўнік марыянеткавай "ДНР" Дзяніс Пушылін. У чацвер ён сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошні заявіў, што гатовы супрацоўнічаць з Украінай "на тых жа прынцыпах", што і з марыянеткавай "ДНР". Цікава, як на гэта адрэагуюць у Кіеве. РБ незалежнасць самаабвешчанай "Данецкай народнай рэспублікі" не прызнала і, відаць, не збіраецца. "Мы будзем супрацоўнічаць з вамі, абсалютна не парушаючы ніякія міжнародныя нормы", — сказаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся Дзянісу Пушыліну, што за скрадзеных украінскіх дзяцей яму пагражаюць судом. "Мы дзетак вашых заўсёды прымаем сюды на лячэнне, адпачынак, — гаварыў ён. — Яны вельмі задаволеныя. Праўда, мяне ледзь у суд нейкі не зацягнулі, што мы крадзем, аказваецца, вашых дзяцей". Лукашэнка сцвярджае, што гэта не так. 

У сакавіку 2023-га Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама ўпаўнаважанай па правах дзіцяці РФ Марыі Львовай-Бяловай. Абое яны нясуць адказнасць за ваеннае злачынства — незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. У красавіку мінулага года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прызнала генацыдам прымусовую дэпартацыю ў Расію дзяцей з Украіны. Лукашэнка і яго рэжым прызнаныя датычнымі да гэтага злачынства. "Лукашэнку ў Гаагу..." За што? "За тое, што ён крадзе дзяцей, крадзе, перамяшчае..." Мы нікога не крадзем!" абураўся ён летам 2023 года.

Лукашэнка сустракаўся з Пушыліным у Мінску ў красавіку 2023-га. "Лічым сустрэчу з прадстаўніком расійскай акупацыйнай адміністрацыі, які хаваецца ад украінскага следства за ўчыненне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі, чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ", заявіла тады ўкраінскае знешнепалітычнае ведамства. МЗС Украіны адклікала для кансультацый тагачаснага пасла ў РБ Ігара Кізіма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі