Чакаць росту ВУП альбо цэн? Што не тое з эканамічным планам Беларусі на 2024 год

Чыноўнікі хочуць ад беларускай эканомікі занадта шмат

Чыноўнікі хочуць ад беларускай эканомікі занадта шмат / @rubanau_collage

Беларускія ўлады паказалі прагноз развіцця эканомікі на 2024 год. Планы амбіцыйныя. Калі чыноўнікі будуць імкнуцца выканаць паказчыкі росту ВУП любой цаной, то беларусаў чакаюць праблемы з ростам цэн, як у 2011 годзе, лічыць старшы навуковы супрацоўнік BEROC Настасся Лузгіна. Тады інфляцыя склала 108,7%.

Еўрарадыё даведалася, да чаго будзе імкнуцца ўрад і як гэта адаб'ецца на людзях.

 

ВУП 3,8% — вялікія пытанні

У сваім плане чыноўнікі паказалі, што ўсё гэтак жа разлічваюць, што ВУП вырасце на 3,8% у 2023 годзе і на столькі ж у 2024 годзе.

Наколькі гэта рэальна, тут вялікія пытанні, — кажа Настасся Лузгіна. — У 2022 годзе ВУП упаў на 4,7 працэнта. Цяпер мы маем справу з аднаўленчым ростам.

Асноўны этап аднаўлення пройдзе ў 2023 годзе, таму разлічваць на падобны рост у 2024 годзе не даводзіцца. Вядома, калі не займацца празмерным стымуляваннем эканомікі. Падобна на тое, гэтым і збіраюцца заняцца ўлады, адзначае экспертка.

Гэта відаць з планаў па выдачы крэдытаў. Прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі павінен вырасці мінімум на 10%. Гэта нашмат больш, чым у папярэднія гады, а яшчэ няма столі па дадзеным паказчыку. Гэта значыць, калі трэба будзе разагнаць рост ВУП за кошт крэдытаў, пакідаюць магчымасць выдаваць іх столькі, колькі захочацца.

Ждать роста ВВП или цен? Что не так с экономическим планом Беларуси на 2024 год
Нацбанк і так дазваляе раздаваць зашмат крэдытаў / Еўрарадыё

У 2021-2022 годзе прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі быў нашмат сціплейшы — у раёне 1,5-4 працэнтаў. Але ніяк не 17 працэнтаў [з прагнозу на 2023 год. — Еўрарадыё] і не 10 працэнтаў, — працягвае Настасся Лузгіна. — Пры гэтым рызыкі інфляцыйнага ціску выяўляюцца ўжо сёлета, не кажучы пра 2024 год. Мяккая грашова-крэдытная палітыка, гэта значыць рост крэдытавання эканомікі разам з ростам даходаў насельніцтва, ростам заробкаў, ужо сёння ствараюць рызыкі інфляцыі. З улікам абмежаванай прапановы на рынку гэта ўсё выліваецца менавіта ў інфляцыйны навес, якому не даюць і не будуць даваць праявіцца за кошт рэгулявання цэн. Але гэта магчыма толькі нейкі пэўны прамежак часу.

Колькі ўлады будуць працягваць палітыку стымулявання эканомікі і адначасовага стрымлівання цэн залежыць ад таго, наколькі хутка будуць назапашвацца дысбалансы ў эканоміцы. Пры вельмі дрэнным сцэнары інфляцыя можа стаць двухзначнай.

Тут пытанне, наколькі ўлады будуць дапускаць назапашванне інфляцыйнага навеса. Мяркуецца, што інфляцыя будзе ў межах 7 працэнтаў да канца гэтага года, гэта значыць усё ж такі дапускаецца яе рост — адпусцяць трошкі цэны. Але з улікам росту крэдытавання, росту даходаў, захавання адданасці актыўным тэмпам росту ВУП, тут пытанне, якая ва ўладаў чырвоная лінія. Ці яны ўсё ж такі ўбачаць, што інфляцыйны навес нарастае, і прымуць рашэнне праводзіць больш стрыманую грашова-крэдытную палітыку і палітыку стрымлівання росту даходаў.

Альбо будуць любымі спосабамі дасягаць 3,8 працэнтаў росту, нават калі гэта будзе выклікаць моцныя інфляцыйныя рызыкі. У гэтым выпадку мы можам прыйсці да сітуацыі, якая назіралася ў 2011 годзе. Вядома, нельга атаясамліваць 2011 год з бягучай сітуацыяй, таму што там дамешвалася яшчэ жорсткае рэгуляванне валютнага курсу. Цяпер курс плывучы, але што тычыцца цэн, такое можа быць.

 

Можа, экспарт выратуе ВУП?

Ждать роста ВВП или цен? Что не так с экономическим планом Беларуси на 2024 год
Вагоны з беларускім каліем / Еўрарадыё

Мяркуючы па прагнозе ўладаў, вялікі ўклад у рост ВУП павінен унесці экспарт тавараў і паслуг. Плануецца, што яго рост складзе 7,6% у 2024 годзе (у 2023 годзе план — 5,5% росту).

Гэта, вядома, будзе вельмі складана з улікам таго, што асноўным гандлёвым партнёрам у нас застаецца Расія. Гандаль з краінамі Азіі і Афрыкі таксама ідзе, але павольным тэмпамі. З краінамі Афрыкі сітуацыя не толькі не палепшылася, яна пагоршылася. Таваразварот там дасягнуў толькі 200 мільёнаў долараў. Гэта вельмі мала з улікам мільярдных абаротаў у цэлым па гандлёвым балансе Беларусі, — адзначае Настасся Лузгіна. — Мы бачым, напрыклад, што ў 2021 годзе аб'ёмы экспарту павялічыліся на 32 працэнты. Гэта вельмі шмат, але тады гэта было павелічэнне за кошт цэнавага фактару. Цэны ўзляцелі, адпаведна, вартасны аб'ём вырас. У наступным годзе нейкіх падобных з'яў не чакаецца і беларускія ўлады канцэнтруюцца на тым, што ўсё ж такі будзе ісці рост за кошт менавіта фізічных аб'ёмаў.

Улічваючы, што застаюцца лагістычныя праблемы, не факт, што атрымаецца дасягнуць патрэбных аб'ёмаў з краінамі Азіі і Афрыкі.

Перавалка тых жа калійных угнаенняў з дапамогай чыгуначных шляхоў мае свае абмежаванні. Тут вельмі шмат рызыкі. І другое пытанне тычыцца Расіі, гэта такі няўстойлівы вектар.

Пакуль чыноўнікі распісваюць планы, насамрэч невядома, наколькі добра будзе адчуваць сябе расійская эканоміка і наколькі Расія будзе ў стане купляць больш беларускіх тавараў, заключае Настасся Лузгіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі