Чакаем апакаліпсісу падчас інфаблакады — гэта пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі

Чакаем апакаліпсісу падчас інфаблакады — гэта пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі

Пасля падзей жніўня 2020 года беларускія ўлады намагаюцца адмежаваць беларусаў ад недзяржаўных СМІ. Тэлеграм-каналы і сайты выданняў, якія не падтакваюць дзяржпрапагандзе, абвяшчаюцца экстрэмісцкімі. А жорны рэпрэсій перамолваюць тых, хто мае іншы пункт гледжання на падзеі ў Беларусі і свеце.

Ці ўплывае інфармацыйная блакада на стаўленне беларусаў да расійска-ўкраінскай вайны?

— Той удар, які быў нанесены па недзяржаўных СМІ, быў велізарны. Нягледзячы на тое, што шмат з іх здолелі захаваць аўдыторыю, цяпер яе вельмі складана ў такіх умовах нарошчваць. Складана даходзіць да аўдыторыі, якая не з’яўляецца традыцыйнай для гэтых СМІ, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё дырэктар беларускай ініцыятывы Chatham House Рыгор Астапеня. — Калі б беларускія недзяржаўныя СМІ мелі большыя магчымасці працы ў Беларусі, то я думаю, што і стаўленне беларусаў да гэтай вайны было б крыху адрозным.

Можам сабе ўявіць, што знішчэнне беларускіх недзяржаўных СМІ таксама было адной з частак падрыхтоўкі да гэтай вайны. Мы бачым, што ў Расіі кіраўніцтва ўспрымае СМІ як адну з найвялікшых пагрозаў. Што яно, у прынцыпе, і прадэманстравала ў першыя дні вайны, пачаўшы знішчаць недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі.

Знішчэнне СМІ, санкцыі, пагроза вайны — як гэта ўсё адбіваецца на маральна-псіхалагічным стане беларусаў?

— Мы знаходзімся ў вельмі складанай грамадска-палітычнай сітуацыі, калі само грамадства знаходзіцца ў стане ледзь не панікі. Існуе велізарнае ўсведамленне таго, што будуць вялікія сацыяльна-эканамічныя наступствы, рост цэн і гэтак далей. Існуе небяспека таго, што Беларусь будзе ўцягнутая цалкам у ваенны канфлікт і гэта ў разы пагоршыць нашыя справы.

Мы бачым, што суверэннасць Беларусі знаходзіцца пад найвелізарнейшай пагрозай. Сённяшняя палітычная сістэма ператвараецца ў зусім марыянетачную ў дачыненні да Расіі. Мы ўжо наўрад ці здольныя прымаць шматлікія рашэнні самастойна. Гэта ўплывае на масавую міграцыю з Беларусі і ў прынцыпе на адчуванне апакаліпсісу.

Мне падаецца, што настрой, канешне, вельмі складаны. Настрой у грамадстве становіцца ўсё горшым. І як доўга беларускае грамадства здолее існаваць ва ўмовах вельмі зацяглага аўтарытарнага рэжыму? — задаецца пытаннем Рыгор Астапеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі