Чаму ўведзены бязвіз — гэта добрая навіна для беларусаў? Тлумачыць эксперт

Ці хлынуць еўрапейцы ў Беларусь?

Ці хлынуць еўрапейцы ў Беларусь? / toursoyuz.by

Уведзены сёння рэжымам Лукашэнкі бязвізавы ўезд у Беларусь грамадзянам 35 краінаў Еўрасаюза карысны для беларусаў. Такую нечаканую думку ў эфіры Еўрарадыё выказаў Алесь Аляхновіч, дарадца Ціханоўскай па эканамічных рэформах, віцэ-прэзідэнт бізнес-арганізацыі ABBA. Эксперт падкрэсліў, што гэта яго меркаванне як прыватнай асобы, якое не варта лічыць палітычнай пазіцыяй.

“Я лічу, што гэта добры крок. <...> Тут важны не эканамічны, а чалавечы стымул. Чым больш у беларусаў будзе кантактаў з заходнім цывілізаваным светам, <...> тым лепей. Чым болей у нас кантактаў з заходнім светам, тым меней мы залежныя ад аднаго нашага ўсходняга суседа”.

Эканамічны эфект ад прынятага рашэння Аляхновіч лічыць не такім высокім.

“Ён статыстычна не паўплывае на наплыў грошай ад турызму. Беларусь заўсёды была закрытай краінай для турыстаў. Да нас прыязджалі людзі з Расіі, Украіны, краінаў СНД. З Заходняй Еўропы іх было мала. У найлепшыя гады “адлігі”, з 2015 да 2019 года, калі ў нас таксама дзейнічаў бязвіз, эканамічная выгада складала прыкладна дзясяткі мільёнаў долараў у год. Гэта не тыя грошы, якія дазволяць пабачыць эканамічны рост ці неяк істотна павысіць заробкі людзей. Але для кавярні ці аграсядзібы ля мяжы гэта нейкая карысць і дадатковыя кліенты”, — падсумоўвае эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі