Ці абрыне беларускую эканоміку ўступленне Расіі ў СГА?
У Інстытуце эканомікі НАН Беларусі лічаць, што ўступленне Расіі ў СГА не паўплывае адмоўна на Беларусь, але незалежныя эксперты лічаць інакш.
Гарэгін Вардэванян, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута эканомікі НАН Беларусі, лічыць, што, дзякуючы ўступленню Расіі ў СГА палепшацца ўмовы імпарту, а праблемы будуць адносна дробныя.
Еўрарадыё: Якія наступствы можа мець Беларусь ад уступлення Расіі ў СГА?
Гарэгін Вардэванян: У абмеркаваннях, што разгарнуліся ў СМІ на гэты конт, надта шмат эмоцый. Гэта не зусім апраўдана. Калі кіравацца канкрэтнымі лічбамі, проста як факт адзначым, што да таго, як Беларусь уступіла ў Мытны саюз з Расіяй, узважаны сярэдні ўзровень мыта – то бок узровень унутранай абароны Беларусі – складаў 8%. У той жа час у Расіі ён раўняўся 13,3%. Пасля ўвядзення адзінага мытнага тарыфу ў рамках Мытнага саюзу ўзважаны сярэдні ўзровень мыта ў Беларусі пабольшыўся да 10,7%. Згодна з умоваю, якую Расія мае з СГА, можна чакаць, што да канца пераходнага перыяду сярэдні ўзровень мытнага тарыфу павінен скласці 7,5-8%. Як вы самі разумееце, мы вернемся да таго ўзроўню абароны, якую Беларусь мела да ўступлення ў Мытны саюз.
Таму я не думаю, што трэба драматызаваць сітуацыю. Калі казаць пра нейкія канкрэтныя таварныя пазіцыі, якія могуць быць больш адчувальнымі з пункту гледжання Беларусі, – яны безумоўна ёсць.
Еўрарадыё: А якія гэта пазіцыі?
Гарэгін Вардэванян: Гэта ў асноўным будзе датычыць сельскагаспадарчай прадукцыі, лекавых сродкаў. Што да буйных таварных пазіцый, як трактары, аўтамабілі, грузавікі, – гэтыя змены мытнага тарыфу не настолькі вялікія, каб адбіцца кардынальным чынам на стасунку цэнаў паміж нашымі таварамі на расійскім рынку і тымі меркаванымі таварамі-заменнікамі, якія могуць зрабіць нам канкурэнцыю.
Еўрарадыё: Калі казаць пра гэтыя праблемныя пазіцыі – небяспека пагражае толькі экспарту беларускіх тавараў? Ці еўрапейскія тавары могуць зрабіць канкурэнцыю нашым і на нашым унутраным рынку?
Гарэгін Вардэванян: Безумоўна, ва ўмовах адкрытых межаў нельга выключаць, што такія таварныя плыні паплывуць і ў нашую краіну. Але, я думаю, што на ўнутраным рынку ў нас дастаткова легальных спосабаў абараніць унутраны рынак. Што да расійскага рынку – там паўплываць на сітуацыю кардынальным чынам мы не можам.
Еўрарадыё: Адмыслоўцы адзначаюць, што чарговай небяспекай можа стаць адплыў інвестыцый. У Расіі праз высокі ўзровень бюракратыі цяжка адкрыць сваю фірму. Цяпер, калі Расія ўступіла ў СГА, інвестары пачнуць не адкрываць фірмы ў Расіі, а проста прывозіць свае тавары з-за мяжы. Ці істотная гэта праблема?
Гарэгін Вардэванян: Выходзячы з міжнароднага досведу можна казаць, што калі краіна ўступае ў СГА, то, як правіла, адбываецца адваротны працэс: плынь інвестыцый у краіну якраз павялічваецца. Аб гэтым сведчыць досвед Кітая – пасля ўступлення ў СГА ўзровень інвестыцый у іх, калі я добра памятаю, вырас на 30%.
************
А вось незалежны эканаміст Алесь Лукашэвіч лічыць, што наступствы ўступлення Расіі ў СГА могуць быць для нашай краіны катастрафічнымі.
Еўрарадыё: Некаторыя спецыялісты кажуць, што ніякай небяспекі для Беларусі ад уступлення Расіі ў СГА няма, бо, уступаючы ў Мытны Саюз, Беларусь так падняла свае мытныя планкі, што цяпер проста апусціць іх на ранейшы ўзровень. Ці гэта праўда, на вашу думку?
Алесь Лукашэвіч: Вядома, што пэўныя планкі будуць паніжацца: цягам 7-і гадоў да 15% мае панізіцца мыта на аўтамабілі з-паза межаў Мытнага Саюза. Але трэба сказаць, што перадусім мы набываем сабе шмат праблемаў і няшмат карысці. Карысць датычыць перадусім грамадзянаў Беларусі, якія маюць стабільную працу, якая не залежыць ад дзяржавы. Калі павышаецца канкурэнцыя – паніжаецца агульны ўзровень цэнаў. То бок будуць таннейшыя, напрыклад, прадукты харчавання. Але што ад гэтага будуць мець людзі, якія цалкам залежаць ад дзяржавы? У нас дзяржава займае больш за 80% удзелу ў эканоміцы. Калі ўдвая павысіцца беспрацоўе (цяпер па неафіцыйных звестках яго ўзровень – 19%), уявім сабе 40% беспрацоўя – ну і патаннелі крыху памаранчы.
Еўрарадыё: Які механізм можа спрычыніцца да таго, што вырасце беспрацоўе?
Алесь Лукашэвіч: Механізм вельмі просты. Ён палягае ў наступным. Расія – гэта краіна з вельмі высокім узроўнем карупцыі. Калі Расія ўступае ў СГА – ніводзін цвярозы заходні інвестар не будзе адкрываць фабрыкі ў Расіі, бо з кожных 100 долараў – 80 ідзе на нейкі хабар: чыноўнікам мясцовай адміністрацыі, уверсе, на мяжы і г. д. Адпавенна ў Расіі проста пачнуць прадаваць сваю прадукцыю, вырабленую на Захадзе, у Азіі – імпартаваць, а не будаваць заводы. Калі прасцей імпартаваць, а не будаваць заводы – падрастае канкурэнцыя для саміх расійскіх заводаў, тыя інвестары, якія ўжо працуюць, не будуць вытрымліваць цэнавай канкурэнцыі з тымі, хто завозіць тавары з-за мяжы ды прадае іх як імпарт. Зачыняцца прадпрыемствы ўнутры Расіі і не будуць адчыняцца новыя. Новыя тэхналогіі могуць прыйсці ў эканоміку, калі яна не сыравінная. Расійская эканоміка – гэта эканоміка перш за ўсё сыравінная. Уступленне ў СГА перш за ўсё патрэбнае алігархам, чыноўнікам, якія сядзяць на вентылі з газам ці нафтай. А для шараговага расійскага грамадзяніна гэта стварае пэўныя праблемы.
Еўрарадыё: Сканцэнтруемся ўсё ж такі на праблемах у Беларусі. Я так разумею, што беспрацоўе вырасце перш за ўсё ў Расіі?
Алесь Лукашэвіч: У Расіі вырасце беспрацоўе, вырасце канкурэнцыя на расійскім рынку, беларускія тавары не будуць прадавацца на расійскім рынку, а Расія – гэта краіна прызначэння нашага экспарту перадусім, калі казаць пра тавары і паслугі. А цяпер туды прыйдзе польскае мяса, аўстралійскае мяса, пацячэ малако з Фінляндыі… Гэта ўсё робіць нас няздольнымі канкураваць, а гэта значыць, што ў Беларусі трэба будзе скарачаць занятасць насельніцтва. Узнікне патрэба прыцягнуць інвестыцыі ў Беларусь, але ніхто прыцягваць інвестыцыі ў Беларусь не збіраецца. Мы будзем мець сітуацыю, што павышаецца канкурэнцыя, змяншаецца попыт на нашы тавары, нам трэба будзе нешта рабіць, а мы рабіць нічога не можам. Застанецца толькі чакаць, калі адбудзецца нейкі сацыяльны выбух, бо досвед назірання за кіраваннем першага прэзідэнта паказвае, што ён прынцыпова ад свайго стылю кіравання не адыходзіць.
Еўрарадыё: Гарэгін Вардэванян казаў, што “буйнога” экспарту (мазаў, трактараў і г. д.) гэта не закране. Ударыць толькі па малацэ, мясе і г. д., але гэта не так страшна.
Алесь Лукашэвіч: Чаму? Гэта ўдарыць вядома і па буйной прамысловасці. Ёсць нямецкія адпаведнікі МАЗаў, шведскія БелАЗаў – яны стануць нашмат таннейшыя для расійскага рынку. Нават калі яны будуць даражэйшыя за БелАЗы – яны ўсё роўна не будуць так дарагія як цяпер. Гэта вельмі сур’ёзна адаб’ецца на прадпрымальніках. Трэба разумець, што прадпрымальнікі гандлююць дробнымі таварамі: харч, вопратка і г. д. А ўсё гэта могуць нашмат танней прадаваць дыстрыбутарскія сеткі. На змену ўсім дробным гандлярам, рынкам, шапікам, прыходзяць буйныя сеткі, якія адразу прадаюць гэта ў Расію, а пазней праз Расію яны прыдуць і ў Беларусь. Мы не зможам стварыць уласныя гандлёвыя сеткі, бо праз Расію да нас прыйдзе і Carrefour, і рэшта асноўных сетак. Нашыя прадпрымальнікі апынуцца ў вельмі складанай сітуацыі. Ад першага студзеня для іх уводзіцца новы законапраект аб абавязковай сертыфікацыі прадуктаў, якія яны прадаюць. З наступнага года дзясяткі тысяч чалавек могуць спыніць сваю прадпрымальніцкую дзейнасць.
Еўрарадыё: Колькі часу спатрэбіцца, каб Беларусь адчула ўсе тыя эфекты, якія вы апісалі?
Алесь Лукашэвіч: Першыя паўтара-два гады гэта будзе адбывацца паволі, а пасля адбудзецца такі гвалтоўны рост канкурэнцыі, што беларуская эканоміка абрынецца. Будзе банкроцтва за банкроцтвам акурат перад прэзідэнцкімі выбарамі.
Фота: http://fed.sibnovosti.ru