Ціханоўская хоча ўвесці дэмакратычную Беларусь у праграмы Усходняга партнёрства

Святлана Ціханоўская хоча ўключыць Беларусь ва Усходняе партнёрства / прэс-служба Ціханоўскай
Еўрасаюзу варта паказаць беларусам, што Еўропа з'яўляецца альтэрнатывай "рускаму свету", а таксама ўключыць дэмакратычную Беларусь у праграмы Усходняга партнёрства. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская ў сваім выступе перад міністрамі замежных спраў Еўрасаюза 26 студзеня ў Бруселі.
Таксама яна заклікала працягнуць палітыку ізаляцыі Аляксандра Лукашэнкі і адначасова "падтрымаць простых беларусаў". Пра гэта "Позірку" расказаў галоўны дарадца лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Франак Вячорка.
Паводле яго, сустрэча адбылася па запрашэнні вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Каі Калас. У ёй таксама ўдзельнічала камісар па пытаннях пашырэння ЕС Марта Кос. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся непрызнанне "бязвыбараў" і Лукашэнкі, мірныя перамовы па Украіне, візавыя і легалізацыйныя пытанні, а таксама падтрымка грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл Беларусі.
Гаворачы пра магчымасць мірных перамоваў па Украіне, Ціханоўская заклікала еўрапейскіх дыпламатаў дамагацца вываду расійскіх войскаў з Беларусі і далейшага неўмяшання Крамля ва ўнутраныя справы краіны. Яна падкрэсліла, што Лукашэнка прадстаўляе расійскія, а не беларускія інтарэсы.
Таксама лідарка беларускіх дэмсілаў заклікала прыкласці ўсе намаганні для вызвалення палітвязняў і "ўзмацніць ціск і санкцыі з патрабаваннем спынення рэпрэсій".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.