Даносы замест рэформаў: што не так з барацьбой з заробкамі ў канвертах

Аб'ёмы ценявых заробкаў невядомыя, але сумы могуць быць значныя / pexels.com
Аб'ёмы ценявых заробкаў невядомыя, але сумы могуць быць значныя / pexels.com

Улады прыдумалі, як больш эфектыўна папаўняць бюджэт і змагацца з заробкамі ў канвертах. У мінскім Палацы моладзі школьнікам расказваюць, чым дрэнныя заробкі ў канвертах, паведамляюць чытачы Еўрарадыё.

Прычым выглядае гэта так, быццам падлеткаў схіляюць даносіць на бацькоў, калі тыя атрымліваюць заробак нелегальна. Чаму існуе такая з'ява, не гаворыцца.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і даведалася, чаму такая мера барацьбы бескарысная, наколькі заробкі ў канвертах — значная праблема для Беларусі, і што сапраўды прастымулюе людзей працаваць "па-беламу".

 

Заробкі ў канвертах ёсць, але беларусы дысцыплінаваныя

Доносы вместо реформ: что не так с борьбой с зарплатами в конвертах
Галоўная навіна на сайце Міністэрства па падатках і зборах / nalog.gov.by

Беларусы адлічваюць ад сваіх заробкаў 13% падаходнага падатку і 1% у ФСАН. Яшчэ 34% працадаўца адлічвае за работніка ў ФСАН.

— Бюджэт губляе вельмі шмат, калі заробкі выплачваюцца ў канверце, — кажа акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова. — Улічваючы праблему з напаўненнем бюджэту, якая становіцца ўсё вастрэйшай, узнікае жаданне падвысіць збіральнасць сацыяльных збораў шляхам барацьбы з заробкам у канвертах. Выплаты з ФСАН таксама растуць, а насельніцтва старэе, і адлічэнні туды падаюць.

Галоўны матыў выплат заробкаў у канверце — спроба не плаціць вялікія адлічэнні ў ФСАН. Аднак наколькі гэта распаўсюджаная з'ява, ацаніць практычна немагчыма.

Доносы вместо реформ: что не так с борьбой с зарплатами в конвертах
Без легальнага заробку губляюцца сацыяльныя выплаты / pixabay.com

Калі работнік атрымлівае заробак у канверце, ён губляе працоўны стаж. Альбо памяншае сваю пенсію ў будучыні, калі частка заробку ўсё ж выплачваецца афіцыйна, а частка — у канверце.

— Іншыя сацыяльныя выплаты, адпаведна, будуць альбо недаступныя, альбо будуць зменшаныя. У першую чаргу гаворка ідзе пра выплаты на дзяцей. Таму жанчыны імкнуцца знайсці працу з афіцыйным працаўладкаваннем.

Пры гэтым ёсць рэчы, якія дэматывуюць людзей імкнуцца атрымліваць "белы" заробак. Сярод іх пастаяннае падвышэнне пенсійнага ўзросту або павелічэнне працоўнага стажу для атрымання пенсіі. Напрыклад, з 1 студзеня 2022 года пенсійны ўзрост павысіўся на паўгода. Цяпер для мужчын ён складае 63 гады, а для жанчын — 58 гадоў.

— Цяпер зноў нарошчваецца асноўны стаж. Многія людзі апынуліся ў такім складаным становішчы, што нейкі час яны працавалі, а ў іх доступ толькі да сацыяльнай пенсіі, а не працоўнай, што значна менш. І нават менш за пражытковы мінімум.

Пенсія ў Беларусі шмат у чым залежыць не ад таго, колькі чалавек адлічваў грошай, а як доўга рабіў адлічэнні. Таму беларусы могуць і не настойваць на "белых" заробках.

— Людзі ў Беларусі любяць быць афіцыйна аформленымі, каб нейкая мінімалка афіцыйна ішла, але павялічваць гэты заробак яны не бачаць сэнсу.

 

"Грамадзянін мае права адмовіцца ад паслуг дзяржавы"

На думку кіраўніка праекта "Кошт Урада" Уладзіміра Кавалкіна, да спробаў плаціць менш падаткаў цяпер дадаўся маральна-этычны аспект. І людзі не хочуць плаціць падаткі праз нязгоду з уладамі.

Доносы вместо реформ: что не так с борьбой с зарплатами в конвертах
Беларусы маглі знайсці яшчэ адну падставу прытрымаць грошы ў сябе / Еўрарадыё

— Калі дзяржава парушае грамадскую дамову, Канстытуцыю, калі ўлады не легітымныя, ці павінен грамадзянін плаціць падаткі? Гэта вялікае пытанне. На мой погляд, калі парушаюцца правы грамадзяніна, то і чалавек не абавязаны выконваць абавязкі ў дачыненні да дзяржавы.

Эксперт прыводзіць паралель з крамай. Калі чалавек купіў тавар неналежнай якасці, то можа вярнуць грошы ці абмяняць тавар.

— Мы маем справу з нелегітымнай дзяржавай, якая аказвае паслугі неналежнай якасці. Грамадзянін цалкам сабе мае права адмовіцца ад паслуг такой дзяржавы і не аплачваць гэтыя паслугі праз падаткі. Тут маральна-этычны аспект. Я бачу яго так, магчыма, хтосьці бачыць інакш, — кажа Уладзімір Кавалкін.

Кацярына Барнукова не выключае, што адмова некаторых людзей плаціць падаткі можа быць звязаная з грамадска-палітычнай сітуацыяй у Беларусі, але наўрад ці гэта набыло масавы характар. Экспертка адзначае і іншую тэндэнцыю: за парушэнні бізнес караюць стражэй, чым раней.

— Усе цяпер бачаць адваротны разварот у дачыненні да бізнесу і баяцца парушаць заканадаўства.

 

Зніжэнне падаткаў выдатна спрацавала ў IT

Доносы вместо реформ: что не так с борьбой с зарплатами в конвертах
Рэзідэнты ПВТ — буйныя падаткаплацельшчыкі, але нагрузка на іх меншая / БЕЛТА

Пакуль улады спрабуюць змагацца з заробкамі ў канвертах праз работнікаў, а цяпер і праз іх дзяцей. Аднак гэта неэфектыўная методыка, мяркуе Кацярына Барнукова.

— Людзі, асабліва людзі з высокімі даходамі, разумеюць, як працуе пенсійная сістэма. Добра разумеюць, што памер пенсіі будзе звязаны не з тым, што яны плацяць сёння, а з эканамічнай паспяховасцю краіны. І магчыма, ім больш выгадна не плаціць гэты падатак, а атрымліваць заробкі крыху вышэйшыя і адкладаць у асабістыя зберажэнні.

Я нават ведаю выпадкі, калі людзям з мінімальнымі заробкамі прыходзілі лісты з ФСАН з пытаннем: "А вы ўпэўненыя, што ваш працадаўца заплаціў за вас усе падаткі, можа быць, давайце высветлім?"

Такія лісты могуць дапамагчы, калі работнік чымсьці пакрыўджаны на працадаўцу, але сістэмную праблему не вырашаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі