Крок добры, але пенсійную сістэму не ратуе: эксперт пра пенсійную рэформу
Назапашваць можна, але грошай не стае на цяперашніх пенсіянераў / Еўрарадыё
Нізкі давер да ўладаў і невялікія даходы не дадуць моцна прасунуцца назапашвальнай пенсійнай сістэме, пра якую расказала Мінпрацы.
Еўрарадыё абмеркавала з экспертам, чаму праект пенсійнай рэформы, згодна з якім людзі самі змогуць назапашваць сабе на пенсію, — гэта добры крок, але пенсійны ўзрост усё роўна давядзецца падвышаць.
Дзяржава дадасць яшчэ 3% да добраахвотных адлічэнняў
Цяпер у Беларусі салідарная пенсійная сістэма. Гэта значыць, тыя 29%, якія ідуць з заробкаў у ФСАН, адразу выдаткоўваюцца на пенсіі старэйшага пакалення. Праблема ў тым, што працаздольнага насельніцтва становіцца ўсё менш, а пенсіянераў больш. Таму пенсійны ўзрост падымаецца, а грошай у ФСАН усё роўна не стае.
Праект пенсійнай сістэмы, пра які расказала Мінпрацы, прадугледжвае, што ў беларусаў будзе магчымасць самастойна адлічаць грошы сабе на пенсію, але ранейшыя адлічэнні ў ФСАН усё роўна застаюцца. Пры гэтым дзяржава прапануе заахвочванне.
— Праграма выгадна адрозніваецца ад наяўных механізмаў, напрыклад ад самастойнага пенсійнага страхавання, тым, што дзяржава праз працадаўцу дублюе частку ўзносаў, — расказвае акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова. — Гэта значыць, калі вы захочаце ў добраахвотную сістэму ўкласці да 3% свайго заробку, то дзяржава прадублюе са свайго боку яшчэ 3% у назапашвальны рахунак. На жаль, гэта дзейнічае толькі да 3%. Калі вы захочаце адкладаць да 10%, дзяржава ўсё роўна будзе дубляваць толькі 3%. Тым не менш гэта пазітыўны бонус на карысць выкарыстання схемы.
Калі заробак 900 рублёў, то як адкладаць?
Эксперт ацэньвае такую сістэму пазітыўна, бо праблема пенсійнай сістэмы ў Беларусі абмяркоўваецца даўно. Ёсць і пакуль пакінутыя без адказу пытанні па новаўвядзенні.
— На якіх умовах гэтыя грошы будуць назапашвацца? У ідэале яны павінны быць укладзеныя ў нейкі назапашвальны фонд, які, у сваю чаргу, укладвае гэтыя грошы ў актывы, якія растуць.
Калі грошы проста захоўваць у рублях ці нават у доларах, то за гады сабраныя сродкі значна "пад'ест" інфляцыя.
— Відавочна, што гэтыя грошы трэба неяк інвеставаць, але адказу на пытанне, як гэтыя грошы будуць захоўвацца, я пакуль не бачыла.
Хоць крок і добры, праблем пенсійнага забеспячэння гэта не вырашыць. Бо сістэма добраахвотная і большасць людзей не будуць у ёй удзельнічаць, мяркуе Кацярына Барнукова.
— Людзі могуць не бачыць сэнсу адкладаць невялікія адсоткі. Калі ў нас медыянны заробак каля 900 рублёў, для кагосьці і 90 рублёў у месяц адкласці складана. З іншага боку, не вельмі зразумела, як гэта ў будучыні табе дапаможа.
Выхлап не вельмі ясны з гэтых укладанняў, таму што яны невялікія: да 10%. А з іншага боку, у нас наогул няма традыцыі доўгатэрміновага збірання. Людзі не будуць разглядаць гэта як нешта, што неабходна мець.
Давер да дзяржавы нізкі
Карыстацца такой сістэмай будуць толькі некалькі адсоткаў насельніцтва, лічыць эксперт. І якраз для тых, хто з найбольшай імавернасцю будзе гатовы рабіць дадатковыя адлічэнні на пенсію, незразумела, як будзе працаваць механізм.
— Напрыклад, айцішнікі, якія атрымліваюць ільготы па ФСАН. Ці будуць іх ўкладанні дублявацца? Таму што айцішнік плаціць ФСАН з сярэдняй зарплаты па краіне. Калі ён адкладзе 3% са свайго заробку, дзяржава прадублюе 3% ад сярэдняга ці як гэта будзе працаваць? Тое самае з ІП. Яны плацяць узносы з мінімальнага заробку. Хутчэй за ўсё, дзяржава будзе дубляваць адсотак таксама з мінімальнага заробку, а не з даходу.
Не вырашае новаўвядзенне і галоўнага пытання: дзе ўзяць грошай на фінансаванне пенсій ужо цяпер?
— Панацэі ў кароткатэрміновым перыядзе і няма. У доўгатэрміновым перыядзе гэта абавязковая назапашвальная сістэма. Але, вядома, узровень даверу грамадства да дзяржавы не такі высокі, каб можна было ўводзіць абавязковую назапашвальную сістэму, — падкрэслівае Кацярына Барнукова.
Зноў давядзецца падвышаць пенсійны ўзрост
Акрамя таго, цалкам на назапашвальную сістэму проста цяпер перайсці немагчыма, бо на цяперашніх пенсіянераў таксама дзесьці трэба ўзяць грошай, якіх няма.
— Думаю, гэта адна з прычын, чаму цяпер не ўводзіцца абавязковы назапашвальны кампанент. Па-першае, гэта як магчымасць паказаць людзям, як гэта працуе. Па-другое, механізмам скарыстаецца няшмат людзей і страты бюджэту гэтых 3%, якія дзяржава фактычна дублюе, не будуць значнымі.
Калі ўводзіць паўнавартасную назапашвальную сістэму, сапраўды будуць вялікія страты. Грошы, якія пойдуць у назапашвальную сістэму, не пойдуць у салідарную. Гэтую праблему трэба вырашыць.
У развітых краінах пенсійная сістэма складаецца з трох складнікаў: салідарная сістэма, як у Беларусі, абавязковая назапашвальная сістэма і магчымасць назапашваць на пенсію паралельна з абавязковымі адлічэннямі.
— Салідарная сістэма фактычна ёсць страхавы элемент. Гэта значыць, калі вы за жыцце не зарабілі, не змаглі адкласці, то салідарная пенсійная сістэма — такая дапамога па беднасці. Гэта практычна ўсюды ёсць, нават у ЗША, — расказвае Кацярына Барнукова.
Часцей за ўсё сустракаецца абавязковая назапашвальная сістэма, калі адсотак ад заробку абавязкова трэба пераводзіць у пенсійныя фонды.
— Адрозненне паміж краінамі толькі ў тым, што дзесьці ёсць адзіны пенсійны фонд, дзесьці можна выбіраць паміж некалькімі фондамі-канкурэнтамі і гэтак далей. І ў многіх краінах існуе паралельная назапашвальная пенсійная сістэма, дзе людзі могуць яшчэ добраахвотна адкладаць у назапашвальныя фонды, а дзяржава гэта нейкім чынам стымулюе. Таксама альбо дублюе часткова ўклады насельніцтва, альбо вызваляе іх ад падаткаў і гэтак далей, — робіць выснову Кацярына Барнукова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.