“Душа журналістыкі жыве ў Баранавічах”

У Сусветны дзень свабоды прэсы Беларуская асацыяцыя журналістаў узнагародзіла пераможцаў творчага конкурсу “Вольнае слова”.

Журы, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі беларускай журналісцкай эліты, вызначыла лепшыя працы ў 5 намінацыях. Старшыня журы Юрась Карманаў адзначыў, што асаблівасцю сёлетніх тэкстаў-пераможцаў з’яўляецца вандроўная тэма.

Юрась Карманаў: “Адметнасцю сёлетняга конкурсу стаў той факт, што беларускім журналістам стала сумна на радзіме і яны кінуліся вандраваць. Таму толькі сярод пераможцаў нашага конкурсу тэксты з Вільні, Стакгольма, Польшчы, Сярэдняй Азіі — Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана і нават з Чачні і Грознага”.


Юрась Карманаў і Жанна Літвіна

У намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял” перамагла праца “Чем Грозный похож на Минск” журналісткі Святланы Станкевіч (“Салідарнасць”), якая разам з мужам з’ездзіла ў Чачню. Наталля лічыць, што менавіта правінцыя натхніла яе на прыгоды.

Святлана Станкевіч: “Натхняла мяне мая правінцыя. Рэч у тым, што я жыву ў Смаргоні і прынцыпова не хачу пераязджаць у Мінск. Але, каб адчуць вастрыню жыцця, час ад часу я пагаджаюся на такія прыгоды”.


Святлана Станкевіч


На другім і трэцім месцах у “інфармацыйнай” намінацыі апынуліся працы “Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні” Кастуся Лашкевіча (TUT.by) і “І мама кажа: “Нешта ў цябе, дачка, жывот падазрона расце” Глеба Лабадзенкі (“Звязда”).



Глеб Лабадзенка


“Найлепшай аналітычнай публікацыяй” стаў артыкул “Беларусь вачыма шведаў: “Сэрца, якое б’ецца і крываточыць” Кастуся Лашкевіча (TUT.by), напісаннем якога аўтар абавязаны амбасадару Швецыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану. Дарэчы, грашовыя прэміі за свае працы Кастусь накіруе на будаўніцтва помніка і дабрачыннасць.

Кастусь Лашкевіч: “Частку сваёй прэміі за 2 месца я збіраюся перадаць на будаўніцтва помніка першаму каралю ВКЛ Міндоўгу ў Наваградку, і прэмію за першае месца — на лячэнне хворых дзяцей, на якое мы збіраем грошы на нашым дабрачынным блогу help.blog.tut.by”.


Кастусь Лашкевіч

Сярод пераможцаў 2-й і 3-й прэміі намінацыі “Найлепшая аналітычная публікацыя” — працы “Няўжо ў нябыт” Святланы Цішко (“Рэгіянальная газета”) і “Добытчики идут на дело” Святланы Гарда (“Інформ-прогулка”).


Святлана Цішко

Святлана Гарда


Мастацка-публіцыстычны жанр журналістыкі прынята лічыць яе душой. Як падкрэсліў вядучы і старшыня журы конкурсу “Вольнае слова” Юрась Карманаў, “душа журналістыкі сёлета жыве ў Баранавічах”, бо пераможцы гэтай намінацыі паходзяць менавіта адтуль. Лепшымі працамі, паводле журы, сталі “Напишите: инвалидам вход воспрещён” Анжэлы Белуш (“Intex-press”), “Вандроўка па Сярэдняй Азіі” Руслана Гарбачова (“Салідарнасць”) і “Это моя работа: судмедэксперт” Наталлі Семяновіч (“Intex-press”).


Руслан Гарбачоў

Наталля Семяновіч


Вандроўная тэматыка дапамагла гродзенскай журналістцы Хрысціне Марчук (“Газета Слонімская”) паспяхова дэбютаваць на журналісцкай ніве з артыкулам “На Падляшшы назвы мясцовасцей пішуць па-беларуску”.

Хрысціна Марчук: “У журналістыцы я працую менш за год, таму я вельмі радая, што маю працу адзначылі старэйшыя калегі-прафесіяналы. І што мяне асабліва радуе — што мае старэйшыя калегі, настаўнікі сталі маімі сябрамі. Дзякуй вялікі. Буду старацца”.


Хрысціна Марчук


“Журналісцкім расследаваннем” згодна з рашэннем журы, стала праца “У Беларусі легальна прадаюць наркотыкі?” Яўгена Валошына (“Звязда”). Паводле словаў журналіста, нарэшце сярод спартовых і музычных узнагарод у яго калекцыі з’явілася і журналісцкая.

Яўген Валошын: “Галоўнае ў журналісцкім матэрыяле — каб "дзвіжуха" была нейкая і быў вынік. Мне падаецца, што тут была "дзвіжуха" і вынік. Ды такая "дзвіжуха", што а-ёй! Дзякуй за прэмію. Я буду лічыць, што гэта знак, і расследаваннямі-такі буду займацца”.


Яўген Валошын


Нагадаем, творчы конкурс “Вольнае слова” праводзіцца Беларускай асацыяцыяй журналістаў з 2007 года. Яго мэта — удасканаленне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў СМІ і інтэрнэт-выданняў, заахвочванне таленавітых журналістаў, стымуляванне іх дзейнасці ў адстойванні агульначалавечых каштоўнасцяў, у тым ліку прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.


Пераможцы "Вольнага слова"



Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі