“Дынама-Мінск” перамагло БАТЭ ў “беларускім класіко” — 1:0 (відэа)
Увесь другі тайм за барысаўскую каманду адыграў Аляксандр Глеб, але асаблівай вастрыні не стварыў.
Самая чаканая гульня чэмпіяната Беларусі па футболе БАТЭ — “Дынама-Мінск” прайшла ўвечары ў панядзелак 10 жніўня.
Сталічныя госці ад пачатку навязалі барысаўчанам шчыльную гульню, раз за разам выйграючы ў адзінаборствах. Гэта прывяло да гола ў вароты БАТЭ. На 21 хвіліне Глеб Расадкін прабіў Чэрніка з другога паверху. У “Дынама” былі і іншыя магчымасці памножыць лік. Барысаўчане ў сваю чаргу дапускалі шмат браку і па вялікім рахунку практычна не траплялі ў вароты.
У другім тайме ў складзе барысаўчан выйшаў Аляксандр Глеб. Гульня ў БАТЭ палепшылася, але прайсці дынамаўскую абарону не атрымлівалася, па-сапраўднаму небяспечных момантаў ля брамы сталічнай каманды не ўзнікала.
Гэта гасцявая перамога над чэмпіёнам вярнула “Дынама” шанцы на золата першынства Беларусі.
Фота: dinamo-minsk.by