Дзень Волі — гэта свята (Усё ляціць у п****)

Еўрарадыё
Еўрарадыё

У гэтым годзе Дзень Волі адзначалі тры дні. Быў і канцэрт, і мітынг, але 25 сакавіка ўсё скончылася традыцыйным "вінтажом".

Не паспелі яшчэ адпусціць Вольскага і Вайцюшкевіча з міліцыі, як беларускі "Фэйсбук" вырашыў, што свята ўжо не тое. Дзень з "хурмічным" настроем яшчэ не сышоў у закат, а ў сацсетках і розных пабліках пачаліся спрэчкі пра гарады і фарматы.

Пасля вядомай заявы Лукашэнкі пра стадыён "Дынама" шанцаў на тое, што ў Мінску дазволяць адзначыць свята на нармальнай пляцоўцы, практычна не засталося. Засраны сабакамі парк каля плошчы Бангалор даўно нікога не ўзбуджае.

Арганізатары "непалітычнага" свята з'ехалі ладзіць канцэрт у Гродне. А прадстаўнікі палітычных сілаў атрымалі дазвол на мерапрыемства ў сталічным Кіеўскім скверы.

Палітычны — не значыць палітызаваны

Яшчэ калі не было поспеху #БНР100, размовы пра Дзень Волі зводзіліся да абмеркавання шэсця, нуднага дзейства на Бангалоры і неабходнасці мяняць фармат. Тады ж шмат хто казаў, што кожны свядомы беларус з сябрамі павінен святкаваць у барах, заказваць беларускую музыку і малымі справамі прасоўваць культуру самастойнага святкавання.

Пасля # БНР100 грамадская думка хіснулася ў бок вялікага свята на добрай пляцоўцы. І пажадана, каб шыхтам. Каб захапленне было сінхронным і безапеляцыйным. Адно святкаванне — і такое, каб ого-го, каб пабіць рэкорд мінулага года. Каб выцерці ўсім нос.

Але гэта тупіковая галіна развіцця.

Ніхто не перашкаджае асобна зладзіць вялікі канцэрт-салянку. Асобна арганізаваць палітычнае мерапрыемства. Асобна — маладзёжную актыўнасць, няхай гэта будзе рэйв або рэперская сеча. Асобна паўнавартасную пляцоўку з адукацыйнымі і іншымі ініцыятывамі.

Але ў нас прывыклі усё ў адным месцы, усё ператварыць у месіва. У палітычна-забаўляльны пажыўны смузі: смак не разбярэш, але затое поўны набор вітамінаў і мінералаў.

День Воли — это праздник (всё летит в п****)

Дзень Волі або абласныя Дажынкі?

А вы паехалі ў гэтую, як яе, Гародню або Горадню, нават арганізатары не да канца вызначыліся, як называць гэты дзіўны стары горад. "Можа, яшчэ, як Дажынкі, пачняце кожны год па раённых гарадах ладзіць канцэрты?" — кпяць ў сацсетках. І вось, маўляў, замест аднаго моцнага і масавага мерапрыемства атрымалася некалькі маленькіх і "пасварылася паміж сабой, ну прама як падчас прэзідэнцкіх выбараў".

Але паглядзіце на гэта з іншага боку. Замест аднаго масавага канцэрта ў нас атрымаліся два, а на самой справе, тры дні свята. І лепш два мерапрыемствы з розным напаўненнем, чым адно, дзе ўсё перамяшанае. Вялікае масавае мерапрыемства ўсё яшчэ можа адпужваць інвестараў і гульцоў, якія не хацелі б засвяціцца на патэнцыйна небяспечнай "апазіцыйнай" акцыі. А на добры забаўляльны або адукацыйны івэнт з выразна прапісанымі мэтамі, хай і пад эгідай Дня Волі, прасцей знайсці падтрымку сярод самых розных мецэнатаў.

Новы стыль адзначэння Дня Волі з канцэртам і іншым, абмінаючы вострапалітычнае, прыцягвае новых людзей. Арганізатары, будучы людзьмі медыйнага складу розуму, мысляць масавасцю, наведвальнасцю і прыгожымі малюнкамі.

День Воли — это праздник (всё летит в п****)

Паспяховасць = FSPшнасць

Арганізатары Дня Волі 2.0 колькі заўгодна могуць заяўляць, што адыходзяць ад палітыкі — інерцыйнае ўяўленне пра Дзень Волі, як пра выключна апазіцыйнае і пратэстнае свята застаецца там жа, дзе і было. Беларусаў гадамі прывучалі пазбягаць вялікіх незразумелых зборышчаў. І такое апазіцыйнае амбрэ ў разы скарачае спіс артыстаў, гатовых выйсці на сцэну.

Дык, можа, трэба прымаць больш радыкальныя меры па дэпалітызацыі свята? Больш актыўна сыходзіць ад "старога" фармату і насычаць сэнсам новы?

Дню Волі трэба больш FSPшнасці: модных дыджэяў, папулярных і маладзёжных музыкаў — усё яшчэ палітызаванае свята можна разбіць толькі нефармальным. Хопіць глядзець у бок расійскай сцэны — шукаць яркіх артыстаў трэба ў першую чаргу ў сябе і ва Украіне. Вядома, спачатку гэта выкліча шквал пратэсту і абурэння. Але гэта хутка пройдзе, калі для ветэранаў Дня Волі будзе сваё напаўненне, а для моладзі — сваё.

Той жа FSP доўга ішоў да свайго цяперашняга стану, ламаючы шаблон звыклага на той момант "гарадскога свята" з шашлыкамі, пост-Бабкінай і цёплай гарэлкай. Ім давялося некалькі гадоў патраціць на тое, каб стаць звыклым фарматам. Трэба сказаць, як толькі ў іх гэта атрымалася, з'явіліся незадаволеныя: ну што гэта такое, ну вось зноў гэтыя хіпстары гуляюць, няўжо нельга неяк па-іншаму.

Трэба пашыраць геаграфію і колькасць мерапрыемстваў. Трэба на парадак больш, чым у гэтым годзе. Трэба мноства іншых пляцовак. Хай не такіх вялікіх — не на тысячы чалавек, а на пару сотняў, але паўнавартасных прастораў са сваім абліччам.

Так, тады не будзе такой крутой карцінкі для СМІ і сацыяльных сетак. Немагчыма будзе трубіць пра адзінства нацыі і згуртаванне вакол гістарычнай сімволікі. Не будзе бачны размах, не атрымаецца прыгожых здымкаў з дронаў. Сам па сабе Дзень Волі перастане быць доказам існавання ў Беларусі апазіцыі. Маладой, старой — любой.

Трэба пашыраць свята. Дадаць "edutainment" — дапоўніць ўсечанае забаўляльнае месіва са сталага музычнага лайн-апа рознымі адукацыйна-забаўляльнымі ініцыятывамі. Лекторыі, абмеркаванні, запрашаць цікавых спікераў.

Вядома, Дзень Волі — свята палітычнае і нацыянальнае. Недарэчна адмаўляць гэты факт. Але тое, што свята мае палітычную прыроду, зусім не значыць, што яно павінна быць наглуха палітызаваным. Калі вы хочаце рабіць свята для ўсіх, прыцягваць новую аўдыторыю, то мала рабіць адно і тое ж з года ў год. Трэба абнуляцца, развівацца, прыдумляць новае. І не факусавацца на адной пляцоўцы.

Бо Дзень Волі — гэта не канцэрт, не абавязковае пратэстнае шэсце, не мітынг з прамовамі палітыкаў. Дзень Волі — гэта свята.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі