"У Беларусі наш народ пад ботам тырана" — старшыня Рады БНР

Пратэсты 2020-га ў Мінску

Пратэсты 2020-га ў Мінску / Euroradio

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла павіншавала беларусаў з Днём Волі. 25 сакавіка 1918 года ў Менску была абвешчана дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

"Хаця мы не змаглі тады абараніць нашую незалежнасць, абвешчанне Беларусі суверэннай дзяржавай змусіла бальшавікоў стварыць БССР, а існаванне БССР дазволіла беларусам у 1991 годзе абвесціць незалежную Рэспубліку Беларусь, піша Сурвіла. — Абавязкам кожнага беларуса ёсць сёння зберагчы гэтую незалежнасць".

Старшыня Рады БНР падкрэслівае, што "у Беларусі наш народ пад ботам тырана". Яна заклікае беларусаў замежжа, "якім ніхто не забараняе прадаўжаць змаганне за волю і лепшую долю нашага народа", нагадваць свету, што "у цэнтры Еўропы не адзін, а два народы церпяць ад маскоўскага імперыялізму, і што Беларусі ніхто не памог, калі яна намагалася вызваліцца ў 2020-м годзе".

"25-га Сакавіка ізноў пакажыце свету, што вы таксама маеце права быць вольным народам на сваёй вольнай зямлі", — піша Івонка Сурвіла.

Сурвіле 11 красавіка споўніцца 89 гадоў. Яна жыве ў Канадзе. Пасаду старшыні Рады БНР займае з 1997-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.