Дзяржпрапаганда не працуе? Чалы спрачаецца з Астапенем
Акцыя мірнага пратэсту ў Мінску, 2020 год / unsplash.com
"Ні прапаганда [беларускіх уладаў. — Еўрарадыё], ні гвалт не мяняюць сур'ёзна настроі насельніцтва", — перакананы аналітык Сяргей Чалы. У стрыме на канале "Чалы LIVE" ён паставіў пад сумнеў выказванне супрацоўніка сацыялагічнага цэнтра Chatham House Рыгора Астапені. Абапіраючыся на лічбы праведзенага апытання, сацыёлаг згадаў, што пасля таго, як дзяржпрапаганда пачала "размовы пра фашызм", гэта не самым лепшым чынам паўплывала на ўспрыманне беларусамі пратэсту і БЧБ-сімволікі.
— Усе ўчапіліся ў Астапеню за тое, калі ён казаў, што прапаганда працуе, што папулярнасць БЧБ-сцяга падае, палітычная ангажаванасць памяншаецца, адбываецца дэмабілізацыя грамадства і гэтак далей. Несумненна, звесткі і лічбы атрыманы нармальныя, людзі адказвалі менавіта так, — кажа Чалы. — Галоўная прэтэнзія была да таго, што Астапеня паспрабаваў не зусім законную лагічную аперацыю. Ён сказаў, маўляў, "ну мы ж бачым, што памяншаецца папулярнасць БЧБ-сцяга. Напэўна, гэта працуе прапаганда". А з чаго ты так вырашыў? Для таго каб праверыць гэтую гіпотэзу, трэба глядзець на іншыя праверачныя рэчы. Па тых самых звестках сацапытанняў відаць, што доля тых, хто чытае і глядзіць афіцыйныя СМІ, падае і давер да іх адсутнічае нават у "бастыёна Лукашэнкі".
— Вельмі выразна відаць, што апошнія месяцы расце доля людзей, якія адказваюць "не ведаю", "не вызначыўся", — тлумачыць сітуацыю аналітык. — Натуральным працэсам ёсць тое, што людзі так ці інакш вымушаныя менш думаць пра палітыку і больш думаць пра штодзённае выжыванне. Таму што фактары эканомікі як былі напярэдадні выбараў, так і засталіся найпершымі. Змяняецца толькі іх парадак: боязь страты працы, рост цэн, нізкія заробкі.
Мы бачым, што "ворагі" [іншадумцы ў разуменні праўладных структур. — Еўрарадыё] шырацца, іх знаходзяць сярод дзіўных людзей, уключаючы гумарыстаў. Гэта ўсведамленне таго, што любоў і давер насельніцтва страчаныя, — упэўнены Сяргей Чалы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.