Што будзе з эканомікай Беларусі пасля завяршэння вайны ва Украіне?
Лукашэнку выгадная бясконцая вайна ў рэгіёне?
Лукашэнка паверыў, што вайна будзе бясконцай і ніякай адказнасці за яе не наступіць, але эканамічная сітуацыя Беларусі ўжо ў кепскім стане. На гэтую тэму ў эфіры Еўрарадыё разважаў незалежны аналітык Сяргей Чалы.
— Логіка расіянаў зразумелая: мы вам дадзім крэдыты, каб вы на нашыя крэдыты пабудавалі новыя вытворчыя прадпрыемствы, якіх у Расіі не стае для выпуску таго, што нам цяпер трэба для вайны. Гэта значыць, не мы сабе ў сябе пабудуем, а мы вам пабудуем, прычым за грошы зваротныя. Груба кажучы, нас падмануць. Мы застанемся з вытворчымі прадпрыемствамі, якія будуць выпускаць "металічныя вырабы" (у іх у статыстыцы ёсць такая група, куды трапляюць і патроны, і снарады), і будзем яшчэ вінныя за гэта. Вось чым скончыцца штука, пра якую пакуль што Лукашэнка думае: "Як цудоўна".
На думку Чалага, беларуская эканоміка ўжо ў "кепскім стане", таму што "вытворчасць і выпуск машын для забойства і "металічных вырабаў", якія ў вайне перамолваюцца, нічога не даюць спажывецкаму рынку".
"Людзі заробак атрымліваюць за іх вытворчасць, а тавараў, якія яны могуць купіць, больш не становіцца. Інфляцыйны ціск толькі расце", — нагадвае Сяргей Чалы.
Атрымліваецца, што Лукашэнку выгадная бясконцая вайна ў рэгіёне? Чалы лічыць, што так.
"Чаму Лукашэнка так радасна ў гэтым кірунку рухаецца? Таму што разумее, што Пуцін хоча весці гэтую вайну бясконца. Пуцін — прэзідэнт ваеннага часу, і ён вырашае ўсе свае задачы.
Для Лукашэнкі найлепшы варыянт — бясконцая вайна, як і для Пуціна. Але ён баіцца, што Пуцін знаходзіцца ў становішчы чалавека, загнанага ў кут. А гэта азначае канец для іх абодвух", — падсумоўвае незалежны аналітык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.